«Лятучы шпіталь» МНС наведаў Грозны ў другі раз пасля аварыі з Адамам Кадыравым
- 19.01.2026, 17:00
- 7,014
У Грозным Ан-148 прастаяў ноч.
Медыцынскі самалёт Ан-148 МНС Расіі, на якім, меркавана, пасля аварыі даставілі ў Маскву Адама Кадырава, зноў наведаў Грозны — на гэта звярнула ўвагу «Агенцтва». Туды ён прыляцеў у нядзелю з Дубая. У Грозным Ан-148 прастаяў ноч, пасля чаго вярнуўся ў Маскву.
Паводле даных Flightradar24, Ан-148 з бартавым нумарам RA-61717, які абсталяваны шасцю медыка-эвакуацыйнымі модулямі, вылецеў з Масквы ў нядзелю раніцай, а ў 13:00 сеў у Дубаі. А ўжо праз паўтары гадзіны вылецеў у Грозны, дзе сеў прыкладна ў 18:00.
А 8:00 раніцы ў панядзелак самалёт адправіўся з Грознага ў Маскву, а каля 11:00 выключыў транспондар на падлёце да Броніцаў, што дазваляе меркаваць, што самалёт накіроўваўся ў Жукоўскі.
Гэта ўжо другі ўсяго за некалькі дзён візіт «лятучага шпіталя» МНС Расіі ў Грозны. Першы ён здзейсніў у пятніцу пасля паведамленняў пра аўтакатастрофу з удзелам Адама Кадырава. Меркавана, менавіта ім сына кіраўніка Чачні даставілі ў Маскву.
Прыблізна ў той самы час з Грознага вылецеў таксама асабісты самалёт Рамзана Кадырава, які ў Грозны прыляцеў у пятніцу з Дубая. Абодва самалёты селі ў Внукава.
Самалёт Кадырава, згодна з сэрвісам Flightradar24, новых пералётаў не здзяйсняў.
Паводле даных чачэнскага апазіцыйнага тэлеграм-канала Niyso і блога «ВЧК-ОГПУ», Кадырава-малодшага гаспіталізавалі ў Боткінскую бальніцу.
У Дубаі сям’я кіраўніка Чачні валодае чатырма віламі агульным коштам больш за 20 млн долараў, пісалі «Важныя гісторыі». Адну з віл Кадыраў выкарыстоўваў як неафіцыйнае пасольства Чачні ў ААЭ. Самалёт кіраўніка Чачні рэгулярна лятае ў Дубай.
