РФ можа ўзброіць Беларусь новымі ядзернымі ракетамі для «Паланэзаў»
- 2.01.2026, 6:00
- 1,034
Рэжым Лукашэнкі і расіяне адпрацоўвалі алгарытм ужывання ядзернай зброі.
Расіяне ствараюць ядзерную баявую частку для беларускага аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Паланэз». Пра гэта паведаміў украінскі партал «Мілітарны».
Выданне піша, што так званы кіраўнік камісіі «палаткі» па нацыянальнай бяспецы Генадзь Лепешка распавёў мясцовым прапагандыстам пра распрацоўку ў РФ новага тыпу зараду для ракетнага комплексу.
Таксама ён заявіў, што падчас вучэнняў «Захад» адпрацавалі алгарытм ужывання ядзернай зброі.
«Ідзе гаворка пра авіяцыйныя і ракетныя сістэмы, якія могуць быць патэнцыйнымі носьбітамі ядзернай зброі», — гаворыцца ў артыкуле.
Лепешка таксама сказаў, што вядуцца сумесныя распрацоўкі Расіі і Беларусі, каб «была магчымасць ужывання ядзернай зброі ў тым ліку з «Паланэзаў».
«Паланэз» — гэта кітайскі шматфункцыянальны ракетны комплекс GATSS, адаптаваны на беларускае колавае шасі МЗКТ-7930 «Астролаг». Паводле адкрытых звестак, беларуская армія мае да 10 такіх комплексаў. Пры гэтым ракеты для комплексу — кітайскай вытворчасці.
Комплекс знаходзіцца на ўзбраенні беларускай арміі з 2016 года. За год да гэтага яго прадэманстравалі на вайсковым парадзе.