У Мінску зноў заўважылі лася
2- 2.01.2026, 11:08
- 2,558
«Гэты таварыш нас ледзь не знёс».
Жыхарка Мінска паведаміла, што заўважыла лася ў лесапарку ў раёне вуліцы Ангарскай. Яна зрабіла пару фота, на якіх відаць, што жывёла без аніякай боязі гуляе па горадзе, піша «Тэлеграф».
«Сёння выйшлі пагуляць з мужам у лесапарк «Ангарская» і сустрэлі лася. З Новым годам!» — напісала відавочца.
У адказ яна атрымала тысячы лайкаў і каментары, у якіх многія нагадалі, што лосі — частыя госці ў гэтым раёне Мінска.
«У пазамінулым годзе сустрэў ласіху ў парку ў Стэпянцы ў раёне вуліцы Карвата. А на Ангарскай лосі — частыя госці! Поспехаў у Новым годзе!!!» — адказала падпісчыца.
У той жа час яшчэ адна жыхарка Мінска заклікала быць больш асцярожнымі побач з дзікай жывёлай.
«Гэты таварыш у верасні літаральна ледзь не знёс нас. Ішлі з сабакам каля шклянога моста ля запраўкі БНТ (Беларуснафта) у бок дому. Прабег на адлегласці выпрастанай рукі ад мяне. Думала, што сэрца ў пяткі пойдзе…» — распавяла яна.
Нагадаем, што жыхары Мінска паведамлялі, што па вуліцах хадзіў лось і 5 дзён таму. У якасці доказу апублікавалі і фота «байца».
«Куды бяжыць гэты баец? Будзьце асцярожныя на дарогах у Мінску», — параіў адзін з відавочцаў.