Андрэй Шарэнда: Дзякуючы такім людзям Беларусь стане вольнай
- 2.01.2026, 10:53
«Беларусь Наталлі Радзінай» захоплівае з першых старонак.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Шарэнда у «Фэйсбуку» падзяліўся ўражаннямі ад прачытання кнігі амерыканскага пісьменніка Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай. Журналістка супраць дыктатуры». Актывіст апазіцыі называе гэтую кнігу падручнікам найноўшай гісторыі Беларусі:
— Кніга Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — якраз з тых, што захопліваюць з першых старонак і не адпускаюць да канца. Разам з галоўнай рэдактаркай сайта «Хартыя’97» нанова перажываеш усе падзеі апошніх дваццаці пяці гадоў майго жыцця, якія ажываюць на старонках гэтай кнігі.
Адразу ўспамінаецца верасень 2001 года: тысячы людзей на Кастрычніцкай плошчы ў дажджлівы вечар, расчараванне і сыход у сябе. Потым мільгае марозны сакавік 2006 года — дзесяткі тысяч людзей на той жа плошчы, намётавы лягер і «паход на Акрэсціна», звон шчытоў. Пасля гэтага перад вачыма паўстае начны праспект Незалежнасці канца снежня 2010 года — эйфарыя перамогі, прыступкі, звон шкла ў Доме ўрада, зноў грукат дубінак і шчытоў, першая эміграцыя. І плыўны пераход да падзей 2017–2020 гадоў з бліскучымі маршамі лета–восені 2020 года — «Рэвалюцыя годнасці», якая для мяне і маёй сям’і (як і для сотняў тысяч іншых беларусаў) яшчэ не скончылася.
Гэтая кніга — па сутнасці гісторыя новай Беларусі, расказаная праз лёс аднаго чалавека, але да болю блізкая мне і Паліне, бо мы ішлі тым самым шляхам, што і галоўная гераіня кнігі.
Вельмі ганаруся знаёмствам з Наталляй Радзінай і тым, што хоць бы крыху датычны да той справы, якую яна і яе каманда робяць. Упэўнены, што менавіта дзякуючы такім людзям Беларусь насамрэч стане вольнай.
Набыць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» можна на наступных пляцоўках:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускамоўнае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.