У Польшчы тэрміны разгляду спраў аб відах на жыхарства замарозяць да сакавіка 2027 года
- 2.01.2026, 14:37
- 2,462
А па міжнароднай абароне — адновяць.
Тэрміны разгляду спраў аб відах на жыхарства ў Польшчы прапануецца замарозіць да 4 сакавіка 2027 года, то бок працягнуць прыпыненне яшчэ на год. А вось для спраў аб міжнароднай абароне «замарозку» працягваць не плануюць. Пра гэта сведчыць апублікаваны праект закона, які рэгулюе дапамогу ўкраінскім уцекачам, паведамляе Most.
Што гаворыцца ў законапраекце
Законапраект чарговы раз замарожвае тэрміны разгляду спраў аб ВНЖ і іншых легалізацыйных працэдурах. Дзяржорганы, як і раней, будуць прымаць і разглядаць заявы, аднак пры гэтым могуць не трымацца ўстаноўленых тэрмінаў. Гэта выключэнне з правілаў было ўведзена на пачатку 2022 года ў сувязі з наплывам украінскіх уцекачоў і неаднаразова падаўжалася. На гэты раз — да 4 сакавіка 2027 года.
Восенню 2025 года аналагічным чынам былі замарожаныя тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне. Прыпыненне дзейнічае да 4 сакавіка 2026 года — але падаўжацца не будзе. Такім чынам, Упраўленне па справах замежнікаў зноў павінна будзе выносіць рашэнні на працягу 6 месяцаў, а ў некаторых выпадках — 15 месяцаў.
Што з падаўжэннем дакументаў
З папярэдняга варыянту дакумента вынікала, што дзеянне некаторых віз і відаў на жыхарства (ВНЖ) можа быць падаўжана. Але поўны тэкст паказвае, што гэтая норма датычыць толькі грамадзян Украіны.
Закон уступіць у сілу пасля яго прыняцця парламентам і падпісання прэзідэнтам.