Турыстку з Беларусі знесла ў адкрытае мора ў Расіі
15- 2.01.2026, 16:38
- 6,736
МНС вядзе пошукі.
У Мурманскай вобласці другі дзень працягваюцца пошукі 57-гадовай беларускай турысткі. Падчас папулярнай зімовай забавы — айсфлоўтынгу — яе панесла моцнай плынню ў адкрытае мора, паведамляе выданне Tourdom.ru.
Трагедыя адбылася 1 студзеня ў старадаўнім гарадку Кола на рацэ Туломе.
Што адбылося
Інцыдэнт з удзелам беларускай турысткі адбыўся на Паморскай набярэжнай. Нягледзячы на сваю маляўнічасць, гэтае месца не прызначана для экстрэмальных забаў з-за непрадказальнай плыні і віртоў.
Падчас айсфлоўтынгу, як і іншыя ўдзельнікі, жанчына была апранута ў спецыяльны гідракасцюм, які надзяваюць зверху на цёплае адзенне. Аднак, паводле сведчанняў відавочцаў і крыніц, ключавое правіла бяспекі было парушана: арганізатар мерапрыемства заставаўся на беразе і не аказаў дапамогі, калі плынь пачала зносіць турыстку.
Айсфлоўтынг прадугледжвае пасіўнае ляжанне на спіне з мінімальнай магчымасцю для манеўру. Без старонняй дапамогі выбрацца з вады практычна немагчыма. Грувасткі касцюм, што трымае на плаву, не дазваляе актыўна грабці, ператвараючы чалавека ў цацку стыхіі. Менавіта гэта, верагодна, і здарылася — жанчыну знесла ў бок Кольскага заліва.
Пошукам перашкаджае надвор'е
Пошукавую аперацыю, у якой задзейнічаныя сілы МНС і рэгіянальныя службы, сур'ёзна ўскладняюць экстрэмальныя ўмовы надвор'я. На Кольскім паўвостраве трымаюцца моцныя маразы, уначы слупок тэрмометра апускаецца да -37 °C.
Па факце здарэння следчыя ўжо ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкула аб аказанні паслуг, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі.
Дарэчы, гэта не першы выпадак трагедыі на Туломе. Мясцовыя жыхары адзначаюць, што капрэзная плынь ракі неаднаразова забірала жыцці як дарослых, так і дзяцей.
Інцыдэнт прыцягнуў увагу ўладаў: пасля нядаўняга выпадку, калі ў заліве ледзь не загінулі пяцёра турыстаў з Індыі і Кітая, Міністэрства турызму Мурманскай вобласці паабяцала ўзмацніць праверкі арганізатараў айсфлоўтынгу і строга караць парушальнікаў.