Манета ў 1000 рублёў з'явілася ў Беларусі
4- 2.01.2026, 20:02
- 4,894
Фотафакт.
Манета ў 1000 рублёў з'явілася ў Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банка.
Тысячарублёвая манета ўжо ўведзена ў абарачэнне з 31 снежня 2025 года. Яна нетыповая для Беларусі — мае нестандартную дванаццацікутную форму, пры гэтым яе дыяметр — 160 міліметраў, а вага — 1,5 кілаграма. Ідзе гаворка пра срэбную памятную манету «Кітайскі каляндар» са сплаву 999-й пробы з частковым пазалочваннем і якасцю пруф.

Нацбанк удакладняе, што манета «Кітайскі каляндар» на аверсе мае выяву Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і надпіс «Рэспубліка Беларусь» па абодва бакі ад яго, таксама на ёй намаляваны Нефрытавы палац, які лунае ў нябёсах, а на рэверсе — стылізаваная выява кветкі лотаса, вакол якой размешчаныя 12 кітайскіх іерогліфаў, што абазначаюць назвы жывёл з кітайскага гароскопа; яны размешчаныя па крузе манеты — кожны ў сваім сектары. Судзячы па колькасці выпушчаных экзэмпляраў — усяго 500 штук — манета ў 1000 рублёў стане калекцыйнай рэдкасцю. Аднак уладальнік такой манеты пры неабходнасці можа ёю разлічыцца за тавары або паслугі. — Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з'яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў, — нагадалі ў Нацбанку.