Літоўскія памежнікі знайшлі на мяжы з Беларуссю партыю цыгарэт на 260 тысяч еўра
7- 2.01.2026, 22:06
- 3,064
Яны некалькі гадзін чакалі ў засадзе, але па буйную партыю цыгарэт ніхто так і не прыйшоў.
Літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы паведаміла пра буйную контрабанду — у лесе недалёка ад мяжы з Беларуссю памежнікі выявілі 50 тысяч пачак цыгарэт гродзенскага завода агульным коштам каля 260 тысяч еўра, перадае «Зеркало».
Увечары 31 снежня памежнікі заставы Капчяместыс Варэнскай памежнай акругі ў лясным масіве ў аколіцах вёскі Куодайчай заўважылі мноства ўпаковак з прымацаванымі пасярэдзіне кручкамі.
Каробкі, абгорнутыя паліэтыленавай плёнкай, былі раскіданыя ў радыусе прыблізна 20 метраў. Памежнікі арганізавалі засаду і правялі там некалькі гадзін, але па гэты груз ніхто так і не прыйшоў. Пасля гэтага вайскоўцы ўважліва агледзелі мясцовасць і вывезлі знаходку на заставу.

У кожнай упакоўцы знаходзіліся па дзве заводскія кардонныя каробкі з лагатыпам гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Усяго канфіскавалі 50 тысяч пачак цыгарэт марак Minsk 5 Superslims і Queen Menthol з беларускімі акцызнымі маркамі.
Кошт партыі нелегальных цыгарэт з улікам усіх абавязковых падаткаў у Літве ацанілі ў 259 500 еўра.
Па факце незаконнага абароту падакцызных тавараў пачата дасудовае расследаванне. Арганізатарам кантрабанды, калі іх знойдуць, пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў.


