«Ъ»: Такога ў Расіі не было ўжо 15 гадоў
- 20.01.2026, 9:57
- 9,714
Яшчэ адно сведчанне поспехаў ЗСУ.
У 2025 годзе аб’ёмы трубаправодных паставак нафты на НПЗ на тэрыторыі Расіі ўпалі да мінімуму з 2010 года. Аналітыкі звязваюць гэта з пазапланавымі прыпынкамі і рамонтамі пасля «шэрагу знешніх уздзеянняў». Пра гэта піша газета «Коммерсантъ».
Усяго аб’ёмы пракачкі нафты на НПЗ за мінулы год ацэньваюцца ў 228,34 млн тон. У параўнанні з папярэднім годам адгрузкі скараціліся на 1,6%, і гэта мінімальнае значэнне за апошнія 15 гадоў.
Агульная перапрацоўка нафты на гэтым фоне таксама знізілася — на 1,7% у параўнанні з 2024-м.
Апытаныя выданнем эксперты звязваюць скарачэнне паставак з «пазапланавымі рамонтамі на НПЗ» пасля «шэрагу знешніх уздзеянняў». Найбольшую колькасць падобных інцыдэнтаў зафіксавалі ў другой палове года: з жніўня па лістапад на НПЗ сумарна паступіла 85,9 млн тон нафты супраць 90 млн за аналагічны перыяд 2024-га.
Найбольш пацярпела «Роснефть» — загрузка яе заводаў скарацілася амаль на 8%. Напрыклад, пастаўкі нафты на Разанскі НПЗ упалі на 34%.
Нафтаперапрацоўчыя заводы становяцца частай мэтай атак украінскіх дронаў. З лета 2025-га беспілотнікі ў межах стратэгіі DeepStrike рэгулярна наносяць удары па расійскіх НПЗ на адлегласці 500 км і больш ад мяжы, паражаючы ключавыя ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі.