Энергеты працягнулі рамонт пашкоджанай у Мінску цеплатрасы
5- 20.01.2026, 11:37
- 3,186
Калі чакаць «нармальнага» цяпла?
У Міністэрстве энергетыкі Беларусі раніцай 20 студзеня паведамілі пра ход рамонтных работ на пашкоджанай цеплатрасе ў Мінску, дзе праз аварыю пры амаль дваццаціградусных маразах праблемы з ацяпленнем узніклі ў жыхароў больш як 3 тыс. дамоў. Работы вяліся ўсю ноч, але пакуль пра поўную ліквідацыю аварыі гаворкі няма, як і пра поўнае аднаўленне нармальнага рэжыму ацяплення ў пацярпелых раёнах.
У Мінэнерга паведамілі, што да рамонту цеплатрасы ў Мінску прыцягнулі больш за 170 чалавек. Брыгады працавалі, змяняючы адна адну, кругласутачна, але да ранку 20 студзеня поўнасцю ўстараніць пашкоджанне яшчэ не ўдалося.
Нагадаем, спецыялісты высветлілі, што на адной з магістралей, па якіх ідзе цяпло ад ЦЭЦ-4, у моцныя маразы пашкодзіла кампенсатар дыяметрам 1200 мм. Яго неабходна дэмантаваць і замяніць, але для гэтага да пашкоджанага ўчастка цеплатрасы рамонтнікам трэба яшчэ дабрацца — ва ўмовах амаль дваццаціградусных маразоў мінулай ноччу гэта аказалася няпростай задачай.
У выніку частку работ рамонтнікам давялося выконваць уручную — спецтэхніка аказалася бескарыснай. Паводле афіцыйнай заявы Мінэнерга, цяпер яшчэ вядуцца «падрыхтоўчыя мерапрыемствы» па замене пашкоджанага кампенсатара.
Судзячы з заявы ведамства, аднавіць падачу цяпла ва ўсе дамы ў поўным аб’ёме пакуль не ўдалося.
— Прымаюцца ўсе неабходныя меры для як мага хутчэйшага завяршэння работ і аднаўлення нармальнага рэжыму цеплазабеспячэння спажыўцоў, — заявілі ў Мінэнерга, не ўдакладняючы канкрэтных тэрмінаў, калі менавіта плануецца выхад на «нарму».
У заяўках жыхароў дамоў, пацярпелых ад аварыі, на партале 115.бел пакуль указаны тэрміны, азвучаныя камунальнікамі ўчора ўвечары — 12:00 20 студзеня. Гаворка пра «аднаўленне параметраў» ацяплення да нармальных значэнняў пасля аварыі — самі дамы яшчэ ўчора перавялі на рэзервовыя крыніцы, падключыўшы да раённых катэльняў.
— Яны забяспечылі часовае цеплазабеспячэнне для большасці пацярпелых спажыўцоў, — адчытаўся напярэдадні ўвечары міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
У каментары БелТА ён патлумачыў, што аднавіць падачу цяпла ў некаторыя дамы ў кароткія тэрміны не атрымалася з-за таго, што адзін магістральны цеплаправод практычна спусцеў пасля аварыі — з яго вылілося каля 5 тыс. кубаметраў гарачай вады.