«Пачулі гук гоначнага баліда, які набліжаўся»
13- 3.01.2026, 9:29
- 17,120
На Новы год беларусы трапілі ў жудаснае ДТЗ у Варшаве.
«Пачулі гук гоначнага баліда, які набліжаўся», — так Таццяна пачынае гісторыю пра жудаснае ДТЗ, у якое яна трапіла ў Варшаве 1 студзеня. Сустрэўшы Новы год у гасцях, яна разам з сябрамі і сабакам вярталася дадому, калі раптам у іх аўтамабіль урэзаўся BMW. Вінаваты аварыі знік, але беларусы паспелі зафіксаваць яго нумар і пачалі дзяліцца сваёй гісторыяй у сацсетках. Неўзабаве кіроўца сам выйшаў на сувязь і цалкам кампенсаваў шкоду. Як удалося так хутка гэтага дабіцца, Таццяна распавяла MOST.

У першы дзень новага года каля 7 раніцы беларусы, якія цяпер жывуць у польскай сталіцы, ехалі па вул. Жвіркі і Вігуры — «з аліўе, тарцікам і бутэлькай шампанскага». У машыне было трое дарослых (Таццяна і яе сябры — сужэнская пара) і такса. Раптам у іх Honda урэзаўся BMW — беларуска ўпэўненая, што тая машына моцна перавысіла хуткасць. Удар быў такой сілы, што Honda знесла ліхтарны слуп, пасля яшчэ раз урэзалася ў BMW і спынілася. Цяпер машына не падлягае аднаўленню.
На шчасце, спрацавалі падушкі бяспекі, а снег на абочыне змякчыў удар. Таццяна і пасажыры абышліся сінякамі. Жанчына ўпэўнена: гэта шчасце, што слуп не ўпаў на машыну.
— Нават бутэлька шампанскага не разбілася, — жартуе жанчына. — Цаною свайго «жыцця» машына зберагла нашы.
Маленькая такса Мона таксама не пацярпела.
— Яна зрабіла выгляд, што не спалохалася. Была накрытая пледам, дзякуючы чаму яе не парэзала разбітае шкло, яна была на руках у пасажыркі. Па вяртанні дадому Моначка атрымала падвоеную порцыю прысмакаў, каб зняць стрэс.
«Як з яйкамі на Вялікдзень»
Кіроўца BMW спыніўся, да яго падбеглі пасажыры пацярпелага аўто, ён спакойна выйшаў.
— Ён быў вельмі разгублены. Усё паўтараў: «Прабачце, прабачце», — распавядае Таццяна. — Спробаваў прапанаваць аформіць еўрапратакол (спрошчаная працэдура афармлення ДТЗ, якая дазваляе ўдзельнікам аварыі дамовіцца без выкліку паліцыі. — Заўв. MOST). Але мы патлумачылі, што ўжо выклікалі паліцыю.
Таццяна кажа, што ад суразмоўцы не пахла спіртным, не было і прыкмет таго, што ён мог быць пад дзеяннем забароненых рэчываў.
Беларусы паспелі сфатаграфаваць нумары машыны, што ўрэзалася ў іх, — яны аказаліся ўкраінскімі. Пазней яны заўважылі, што пярэдні нумар адляцеў і валяецца на зямлі. У адрозненне ад аўто беларусаў, BMW пацярпеў нязначна — была памятая пярэдняя частка.
— Гэта як з яйкамі на Вялікдзень: часцей разбіваецца не тое, якім б'юць, а тое, па якім б'юць, — жартуе Таццяна.
Кіроўца раптам з'ехаў
Пакуль чакалі паліцыю, кіроўца BMW пайшоў да сваёй машыны — здавалася, проста паседзець у салоне да прыезду патруля. Але раптам ён з'ехаў.
Неўзабаве на месца прыбылі паліцыя, выратавальнікі і хуткая дапамога. Беларусам прапанавалі шпіталізацыю, але яны адмовіліся: бачных траўмаў ні ў каго не было. Паліцыя запісала паказанні пацярпелых, зафіксавала тое, што адбылося, на трасе. Потым эвакуатар адвёз машыну на спецыяльную стаянку.
«Не ведаю, як так атрымалася»
Чакаць, пакуль паліцыя знойдзе вінаватага, Таццяна не стала. Яна і яе сябры пачалі пісаць у суполкі, інфармацыя пра аварыю і нумары BMW хутка разляцеліся па сетцы. Відаць, аб'явы пра пошук убачыў і сам кіроўца, якога шукалі.
Ён сам звязаўся з Таццянай па нумары тэлефона з аб'явы і прапанаваў сустрэцца. Спытаў, як ён можа кампенсаваць тое, што здарылася.
Беларуска кажа, што «нажывацца» не планавала — толькі атрымаць кампенсацыю за страчанае. Яна паглядзела ў інтэрнэце, колькі цяпер прадаюцца машыны, аналагічныя той, што ў яе была, дадала выдаткі на тэхагляд і афармленне здзелкі, а таксама аплату эвакуатара і стаянкі, на якой цяпер знаходзіцца яе аўтамабіль. Кіроўца пакрыў усю гэтую суму, а таксама выплаціў кампенсацыю маральнай шкоды кожнаму з дарослых, якія былі ў салоне.
Таццяна ўжо паведаміла пра гэта паліцыі. Кажа, што прэтэнзій да кіроўцы ў яе больш няма, але яму давядзецца «разбірацца з паліцыяй».
Тое, што адбылося, і свой раптоўны ад'езд з месца ДТЗ мужчына ніяк не патлумачыў.
— Ён проста казаў: «Я не ведаю, як так атрымалася», — перадае яго словы Таццяна.