Пратэсты ў Іране не сціхаюць ужо тыдзень
4- 3.01.2026, 23:17
- 4,618
Масавыя акцыі праходзяць больш як у 20 правінцыях.
У Іране ўжо тыдзень працягваюцца масавыя пратэсты, што ахапілі прынамсі 22 правінцыі краіны. Пра гэта 3 студзеня паведаміў Iran International.
За сем дзён пратэстаў прынамсі восем чалавек загінулі, больш за 40 атрымалі раненні ад боепрыпасаў або куль сілавікоў. Сярод загінулых — 20-гадовы Саджад Валаманеш з Лордэгана і 28-гадовы стажор-юрыст Ахмадрэза Амані; іх сем’і, як піша СМІ, адчулі ціск з боку ўладаў.
Вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі назваў пратэстоўцаў «мяцежнікамі» і заклікаў да іх падаўлення. Тым часам прафсаюзы настаўнікаў і студэнты мастацкага ўніверсітэта Тэгерана заклікалі праваахоўнікаў не выступаць супраць народа і падтрымаць мірныя дэманстрацыі.
Пратэстоўцы выходзяць на вуліцы Тэгерана, Мешхеда, Кума, Ілама і іншых гарадоў — яны здымаюць сцягі Ісламскай рэспублікі і скандуюць антырэжымныя і праманархічныя лозунгі. Гандляры тэгеранскага рынку анансавалі новыя акцыі, а відэа з вуліц паказваюць, што людзі працягваюць выходзіць на мірныя дэманстрацыі, нягледзячы на гвалт з боку сілавых структур.
Міжнародная супольнасць выказала занепакоенасць: ЗША пацвердзілі падтрымку іранцам, што імкнуцца да свабоды, а ААН заклікала ўлады Ірана паважаць правы на свабоду слова і мірныя сходы.