«Краінай кіруюць наркакартэлі»
10- 4.01.2026, 2:23
- 11,026
Трамп выступіў з пагрозамі Мексіцы пасля аперацыі ў Венесуэле.
«Пахішчэнне» дыктатара Нікаласа Мадуры падчас ваеннай аперацыі ЗША ў Венесуэле не было прамым пасланнем Мексіцы. Аднак гэтай краінай таксама «кіруюць наркакартэлі», і з гэтым «трэба нешта рабіць».
Пра гэта заявіў амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп. Ён даў кароткае інтэрв'ю Fox & Friends Weekend пасля таго, як элітнае падраздзяленне спецназа Delta Force захапіла Нікаласа Мадуру і яго жонку Сілію Флорэс.
Журналіст наўпрост спытаў у кіраўніка Белага дома, ці з'яўляецца аперацыя ў Венесуэле пасланнем прэзідэнтцы Мексікі Клаўдзіі Шэйнбаум.
«Не, так не задумвалася, і мы з ёй (Шэйнбаум) вельмі сябруем. Яна добрая жанчына», — адказаў рэспубліканец, перш чым сцвярджаць, што прэзідэнтка Мексікі на самой справе не мае рэальнай улады.
«Яна не кіруе Мексікай. Картэлі кіруюць Мексікай. І мы маглі б быць палітычна карэктнымі, ветлівымі і казаць: «О так, яна кіруе»... Не, не! Яна вельмі баіцца картэляў», — сцвярджае Трамп.
Ён нібыта ўжо не раз прапаноўваў Шэйнбаум ліквідаваць картэлі, але яна адмаўлялася. «Не, не, спадар прэзідэнт! Не, не, не, калі ласка», — пераказаў Трамп адказ кіраўніцы Мексікі.
Далей ён перайшоў да пытання смерцяў, звязаных з забароненымі рэчывамі, у Злучаных Штатах, сцвярджаючы, што афіцыйныя даныя заніжаныя. Маўляў, рэальная лічба не 100 000, а 300 000 чалавек. «Мы страцілі гэтых людзей з-за наркотыкаў», — сказаў Трамп.
Большасць незаконных наркотыкаў трапляе ў Злучаныя Штаты праз паўднёвую мяжу. «Дарэчы, нямала паступае і праз Канаду, калі вы не ведаеце. Але ў асноўным яны ідуць праз паўднёвую мяжу, і з Мексікай давядзецца нешта рабіць», — заявіў ён.