Пракрамлёўскага дыктатара прыбралі з грошай у ягонай краіне
7- 4.01.2026, 9:01
- 14,840
На банкнотах таксама стала менш нулёў.
Сірыя ўвяла ў зварот абноўленыя банкноты, прыбраўшы з наміналу два нулі і замяніўшы партрэты Асада на нацыянальныя сімвалы.
Аб гэтым паведамляе Associated Press.
Па новай сістэме кожныя 100 старых фунтаў роўныя аднаму новаму, а найбольшая купюра цяпер — 500 фунтаў (эквівалент 50 000 старых).
Дызайн банкнот змянілі радыкальна: партрэты Башара Асада і ягонага бацькі Хафеза прыбралі, замест гэтага на купюрах намаляваныя ружы, пшаніца, аліўкі і апельсіны. Прэзідэнт Ахмад аш-Шараа назваў гэта сімвалам «адходу ад ушанавання асобных асоб» і пачаткам «новай эры».

Кіраўнік Цэнтральнага банка Мохлес Назер удакладніў, што абмен старых грошай будзе праводзіцца праз спецыяльныя цэнтры і прыватныя банкі. На пераходны перыяд адведзена 90 дзён.
У абменных пунктах Дамаска стары фунт цяпер каштуе каля 11 800 за адзін долар ЗША. Associated Press адзначае, што на пачатку канфлікту ў Сірыі — у сярэдзіне сакавіка 2011 года — долар ЗША каштаваў 47 сірыйскіх фунтаў.
Рэжым Башара Асада ў Сірыі абрынуўся ў снежні 2024 года пасля серыі паспяховых наступаў ісламісцкай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» і іншых апазіцыйных сіл, якія ўсталявалі кантроль над большасцю гарадоў краіны, уключаючы сталіцу Дамаск.
Сірыйская армія фактычна распалася: вайскоўцы пакідалі тэхніку і ўзбраенне, а саюзнікі Асада — Расія і Іран — не аказалі падтрымкі.
Башар Асад з сям'ёй пакінуў краіну, перабраўшыся ў Расію, забраўшы з сабой значную частку маёмасці, нажытай за гады кіравання.
У студзені 2025 года часовым кіраўніком Сірыі стаў лідар апазіцыі Ахмад аль-Шараа. Ён паабяцаў аднавіць дэмакратычныя інстытуты і правесці выбары на працягу наступных пяці гадоў.