У Беларусі за пяць гадоў «знікла» больш за 200 школ
9- 4.01.2026, 11:17
- 4,998
Але вучняў стала больш.
За пяць гадоў у Беларусі стала на 203 школьныя ўстановы менш. Пры гэтым колькасць вучняў у тых, што засталіся, павялічылася. Гэта высветліла «Зеркало» паводле даных Белстата.
Чыноўнікі паставілі мэту ў бліжэйшыя пяць гадоў «павысіць прэстыж прафесіі настаўніка, у тым ліку шляхам выключэння яго непрафільных функцый». Тым часам у сістэме адукацыі ўзмацняецца перакос.
Паводле даных Белстата, у Беларусі ў 2024/2025 навучальным годзе дзейнічала 2817 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. А пяць гадоў таму іх было 3020.
За гэты ж час колькасць вучняў у сярэдніх школах павялічылася з 1 млн 31,7 тыс. да 1,1 млн. Інакш кажучы, за гэты час школ стала менш, а дзяцей у іх — больш.
Скарачаецца і колькасць настаўнікаў. Калі раней у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працавалі 111,2 тыс. чалавек, то цяпер — 98,1 тыс. (у абодвух выпадках з улікам сумяшчальнікаў).
На аднаго настаўніка ў гэтым навучальным годзе прыходзіцца ў сярэднім 11 вучняў, у гарадскіх школах — па 13 вучняў, у сельскіх — па 6 вучняў.