The Times: Пуцін апынуўся перад складаным выбарам
8- 4.01.2026, 14:11
- 20,156
Усе сцэнарыі для яго рызыкоўныя.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін апынуўся перад складаным выбарам: працягваць вайну, рызыкуючы эканамічным знясіленнем, унутраным незадавальненнем і палітычнымі ўзрушэннямі напярэдадні парламенцкіх выбараў, ці зрабіць стаўку на мірныя перамовы, якія залежаць ад ненадзейных знешніх гульцоў і могуць не прынесці жаданага для Крамля выніку. Пра гэта на старонках The Times піша Марк Галеоці — адзін з вядучых сусветных экспертаў па расійскай злачыннасці і бяспецы.
Па яго словах, навагодні зварот крамлёўскага кіраўніка быў надзвычай прэсны і амаль не ўтрымліваў ні ўдакладненняў, ні запэўненняў адносна будучыні.
«Верагодна, ён не хацеў даваць абяцанняў, якія могуць абярнуцца супраць яго. Бо 2026 год адначасова і абяцае магчымую мірную дамову па Украіне на ўмовах, блізкіх да ягоных пажаданняў, і нясе сур’ёзныя пагрозы — а Пуцін, як вядома, не любіць рызыкаваць», — піша Галеоці.
Ён нагадаў, што хоць прасоўванне Расіі ва Украіне было павольным і цяжкім, усё ж у 2025-м яна захапіла больш тэрыторыі, чым у папярэднія гады. Калі ў 2023 годзе гэта было менш за 600 кв. км, то ў 2024-м гэтая колькасць вырасла да больш як 3000, а ў 2025-м — да 4500–5000. Акрамя таго, знізіліся суадносіны страт Расіі да захопленай тэрыторыі.
«Часткова гэта тлумачыцца адаптацыяй расійскай арміі: яна дагнала ўкраінскія інавацыі ў выкарыстанні дронаў і пачала масава іх ужываць, актыўна выкарыстоўвае планёрныя бомбы для ўдараў на вялікай адлегласці, а таксама тактыку інфільтрацыі на зямлі, прымушаючы абаронцаў адступаць», — адзначыў аўтар артыкула.
Масква спадзяецца на правал гэтых перамоваў і пачатак наступных
Ён лічыць, што ў сваіх справаздачах расіяне, безумоўна, перабольшваюць уласныя поспехі, але калі Пуцін адмаўляецца ад мірных перамоў, бо лічыць, што здольны дасягнуць мэтаў шляхам далейшай вайны, ён, верагодна, кажа сур’ёзна. У Маскве чакаюць, што цяперашнія перамовы праваляцца, але напрыканцы вясны можа пачацца новы раўнд.
Сярод праблем Расіі Галеоці называе здольнасць папаўняць армію добраахвотнікамі. Як вядома, яна залежыць ад эканомікі, што занепадае. А пераход да масавага выкарыстання прызыўнікоў нясе велізарныя палітычныя рызыкі, тым больш напярэдадні парламенцкіх выбараў 2026 года:
«Крэмль, вядома, іх сфальсіфікуе, але на фоне росту нацыяналістычнай і папулісцкай крытыкі Пуцін асцерагаецца занадта моцна ціснуць на стомленае насельніцтва».
Таксама, паводле аглядальніка, дыктатар, верагодна, страчвае веру ў цяперашні мірны працэс, які зайшоў у тупік праз пытанне тэрытарыяльных саступак і гарантый бяспекі. Бо расіяне, хоць і цэняць жаданне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа палепшыць адносіны з Масквой, аднак разумеюць, што ў яго ёсць уласны парадак дня.
«Часам нашы інтарэсы супадаюць, але мы цудоўна ведаем, што з часам яны разыдуцца», — сказаў аўтару расійскі дыпламат у адстаўцы.
Шанцаў, што Украіна аддасць Данбас, мала
Галеоці лічыць, што Пуцін цяпер будзе спрабаваць задабрваць Трампа ў надзеі на выгадную для сябе здзелку, аднак шанцаў, што Украіна пагодзіцца аддаць астатні Данбас, як таго патрабуе Крэмль, мала. Больш за тое, без выразных гарантый бяспекі Украіна не мае іншага выбару, як працягваць барацьбу.
Праўда, у расійскіх колах вераць, што пасля некалькіх месяцаў далейшага прасоўвання Кіеў вясной зноў сядзе за стол перамоў, ужо з большай гатоўнасцю да кампрамісаў. Але гэта зноў азначае залежнасць ад Трампа і рызыку зацягвання перамоў напярэдадні выбараў у Дзярждуму. Бо, лічыць аглядальнік, гэта ўзмоцніць нацыяналістаў, якія ўжо цяпер абвінавачваюць Пуціна ў недастатковай рашучасці.
«Альтэрнатыва — зрабіць стаўку на ваенны шлях. Гэта здаецца больш бяспечным: ёсць імпульс на фронце, нацыяналісты задаволеныя, а залежнасці ад “падступных амерыканцаў” няма. Але гэта таксама азартная гульня. Пагаршэнне эканомікі ўдарыць па наборы ў армію: калі страты застануцца высокімі, а добраахвотнікі скончацца, давядзецца прыцягваць прызыўнікоў або рэзервістаў. Гэта будзе балюча, а на фоне падзення ўзроўню жыцця папулісцкі выклік толькі ўзмоцніцца», — піша аўтар.
І хоць, паводле яго, выбары ў Дзярждуму будуць сфальсіфікаваныя пад патрэбны Крамлю вынік, але чым больш відавочная фальсіфікацыя, тым большая рызыка пратэстаў. Тут Галеоці ўзгадвае ўрок 2011–2013 гадоў, калі масавыя акцыі сталі найбуйнейшымі з часоў распаду СССР. Адзін з інсайдэраў заявіў:
«Пуцін спадзяваўся абысціся мінімальным выкарыстаннем “адміністрацыйнага рэсурсу” і пайсці на выбары з лозунгам “мы перамаглі”. Гэта яшчэ магчыма, але не гарантавана».
Аглядальнік лічыць, што праблема Пуціна якраз у тым, што ён не любіць рызыкаваць: у 2026 годзе ўсё залежыць ад таго, які шлях ён палічыць найбольш бяспечным.