Таемныя агенты і загад Трампа: новыя падрабязнасці дзёрзкага рэйду ЗША па захопе Мадуры
5- 4.01.2026, 14:32
- 12,512
Амерыканцам было вядома пра найменшыя звычкі дыктатара.
Злучаныя Штаты правялі беспрэцэдэнтную сілавую аперацыю ў Венесуэле, у выніку якой Нікалас Мадура быў затрыманы і вывезены на ваенны карабель ЗША. Падрыхтоўка да яе пачалася задоўга да рэйду, а ключавую ролю адыгралі супрацоўнікі ЦРУ, якія таемна працавалі ў Венесуэле.
Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Axios.
Крыніцы сцвярджаюць, што ў Венесуэлу яшчэ летам былі таемна накіраваныя агенты ЦРУ, якія на працягу некалькіх месяцаў збіралі інфармацыю пра перамяшчэнні і распарадак дня Мадуры.
Гэта дазволіла спланаваць аперацыю да найменшых дэталяў. Адзін са суразмоўцаў выдання заявіў, што агентам удалося атрымаць «выключнае разуменне звычак і ладу жыцця Мадуры, што зрабіла яго захоп бясперашкодным». Генерал Кейн наўпрост сказаў, што ЗША ведалі «дзе ён жыве, куды ездзіць, што есць, як апранаецца і нават якія ў яго хатнія жывёлы».
Паралельна амерыканскія спецпадраздзяленні трэніраваліся на спецыяльна пабудаванай копіі ўмацаванай рэзідэнцыі Мадуры.
Дональд Трамп распавёў, што «яны пабудавалі дом, цалкам ідэнтычны таму, куды ўваходзілі, з усімі сейфамі і сталёвымі канструкцыямі». Загад на рэйд быў аддадзены позна ўвечары.
Паводле звестак выдання, прэзідэнт Дональд Трамп накіраваў вайскоўцам кароткае пажаданне поспеху: «Жадаю ўдачы і няхай Бог вас беражэ».
Пасля гэтага ў неба падняліся каля 150 самалётаў і беспілотнікаў, а да ўзбярэжжа Венесуэлы падышлі караблі. Адначасова ў паветры з'явіліся верталёты са спецпадраздзяленнямі ЗША і супрацоўнікамі ФБР, якія ляцелі максімальна нізка над вадой, каб заставацца незаўважанымі. Набліжаючыся да ўмацаванай рэзідэнцыі Мадуры, амерыканскія сілы падавілі сістэмы супрацьпаветранай абароны, а раён застаўся без электрычнасці.
Як распавёў старшыня Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерал Дэн Кейн, верталёты трапілі пад агонь, адзін з іх быў пашкоджаны, аднак змог працягнуць місію.
А 1:01 па мясцовым часе байцы ЗША высадзіліся на зямлю. Паводле слоў Трампа, штурмавая група «сутыкнулася з шчыльным агнём», але здолела прарвацца ўнутр.
Трамп сцвярджае, што Мадура і ягоная жонка Сілія Флорэс паспрабавалі схавацца ў браніраваным пакоі, аднак іх затрымалі, перш чым яны туды дабраліся. Спецназаўцы загадзя адпрацоўвалі сцэнары ўзлому, аж да выкарыстання газарэзаў, аднак ужываць іх не давялося. Абодва апынуліся пад кантролем амерыканцаў, пасля чаго пачалася фаза эвакуацыі.
Кейн адзначыў, што былі задзейнічаны дадатковыя верталёты, а авіяцыя зверху прыкрывала адыход. Ён заявіў: «Адбылося некалькі баестыкненняў, калі нашы сілы выходзілі з Венесуэлы». Трамп падкрэсліў, што амерыканскія вайскоўцы не панеслі страт, хаця «некалькі чалавек атрымалі раненні».
Да 3:29 аперацыя на сушы завяршылася, а менш чым праз гадзіну прэзідэнт абвясціў пра захоп Мадуры. На апублікаваных пазней кадрах відаць, што Мадура з завязанымі вачыма знаходзіцца на борце дэсантнага карабля USS Iwo Jima.
Аперацыя магла адбыцца на чатыры дні раней, але яе перанеслі з-за ўмоў надвор'я.
Да самага апошняга моманту разглядаўся варыянт мірнага сыходу Мадуры з пасады. Трамп паведаміў, што размаўляў з ім некалькі разоў, у тым ліку за тыдзень да аперацыі, кажучы: «Ты павінен сысьці, ты павінен здацца».
Але Мадура быў гатовы абмяркоўваць умовы, аднак не пагадзіўся пакінуць краіну, пасля чаго паследаваў загад на правядзенне сілавога захопу. Цяпер перад ЗША стаіць пытанне, што далей рабіць з кіраваннем Венесуэлай.
Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты «збіраюцца кіраваць» краінай, аднак канкрэтны фармат пакуль не ясны. Ён таксама адзначыў, што многае залежыць ад віцэ-прэзідэнткі Дэлсі Радрыгес, якая, паводле слоў Трампа, «гатовая зрабіць усё неабходнае, каб Венесуэла зноў стала вялікай».
У той жа час Радрыгес публічна заявіла, што Мадура застаецца законным прэзідэнтам і Венесуэла «не стане нічыйм рабом і нічыйнай калоніяй».
Амерыканскія вайскоўцы застаюцца ў гатоўнасці да новых аперацый, калі паследуюць далейшыя загады. Адначасова адміністрацыя Трампа плануе абмяркоўваць з нафтавымі кампаніямі павелічэнне здабычы ў Венесуэле. Сам прэзідэнт паведаміў, што ўведзеная блакада застанецца ў сіле, а затрыманы Мадура прадстане перад амерыканскім правасуддзем.