7 студзеня 2026, Серада, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нястача працоўных рук і рэйды супраць «дармаедаў»: што адбываецца на рынку працы ў Беларусі

17
Нястача працоўных рук і рэйды супраць «дармаедаў»: што адбываецца на рынку працы ў Беларусі

Дэфіцыт кадраў ударыў па ўсіх буйных прадпрыемствах.

У Беларусі дэфіцыт працоўных рук. Паводле афіцыйнай інфармацыі ў банку вакансій, прадпрыемствам патрэбна больш за 160 тысяч спецыялістаў. Раней Аляксандр Лукашэнка спрабаваў кампенсаваць недахоп кадраў за кошт прыцягнення працоўных мігрантаў: у прыватнасці, грамадзян Пакістана. А таксама з дапамогай супрацоўнікаў МУС: сілавікі працягваюць рэйды па пошуку так званых дармаедаў. Так у Беларусі называюць грамадзян, якія нібыта не занятыя ў эканоміцы, піша «Настоящее время».

Сярод меркаваных прычын дэфіцыту працоўных рук у Беларусі эксперты называюць старэнне насельніцтва і адток кадраў. Пасля пратэстаў 2020 года краіну пакінулі сотні тысяч чалавек.

«Паводле розных ацэнак — ад 500 да 700 тысяч [чалавек з’ехалі], — кажа прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч. — Але мы, вядома, павінны разглядаць выезд не толькі ў краіны Заходняй Еўропы: у Літву, Польшчу, — але і ў Расію. Выезд у Расію палітычна або эканамічна матываваны інакш, але тым не менш гэта азначае, што працоўныя рукі паехалі працаваць на будоўлі Санкт-Пецярбурга або Іжэўска, а не працуюць у Беларусі».

Вясной 2025 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прыняць для працы 150 тысяч грамадзян Пакістана. Але і праз восем месяцаў пасля запрашэння ў ягонай адміністрацыі працягваюць гаварыць пра праблемы на рынку працы.

«Амаль усе нашы прадпрыемствы адчуваюць сур’ёзны недахоп кадраў, таму і з’явілася сістэма прыцягнення каштоўных работнікаў з-за мяжы. Прыблізна 35 тысяч чалавек, якія не маюць пастаяннага віду на жыхарства ў Беларусі, сёння працуюць на нашых прадпрыемствах. Гэта невялікая колькасць, яна не вырашае праблему недахопу работнікаў. Але тут вельмі важна захаваць баланс», — каментаваў сітуацыю кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты.

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч не верыць у асаблівую прывабнасць рынку працы Беларусі для работнікаў з Пакістана: «Навошта пакістанцу ехаць у Беларусь, калі ён можа паехаць у краіны Заходняй Еўропы? Для яго па-чалавечы — гэта такі ж самы выклік. І лепш гэты выклік, скок здзяйсняць за зарплату ў тры разы большую, чым у Рэспубліцы Беларусь, маючы ўсе тыя ж рызыкі, усе тыя ж праблемы. Таму я не веру ў рашэнне праблемы за кошт мігрантаў з далёкага замежжа. Але пэўную нішу яны зоймуць».

Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі таксама скептычна ставіцца да ідэі закрыць дэфіцыт кадраў за кошт мігрантаў і ўказвае яшчэ на адну праблему:

«Дэфіцыт некваліфікаваных работнікаў трохі скарачаецца. Ён усё яшчэ ёсць, ён усё яшчэ велізарны. Там, здаецца, 170 тысяч у цэлым незанятых вакансій па краіне. Але па кваліфікаваных кадрах — гэта праблема. Гэта значыць, іх замяніць няма кім. Ты не можаш узяць непадрыхтаванага чалавека і адправіць працаваць на «Нафтан», на нейкія складаныя ўстаноўкі».

Пры гэтым, нягледзячы на нястачу працоўных рук, з прадпрыемстваў працягваюць звальняць за іншадумства. Тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах або крытыкаваў уладу, часта не праходзяць праверку на лаяльнасць і пры працаўладкаванні, паведамляюць праваабаронцы.

«Чаму Лукашэнка не спрабуе вярнуць людзей з-за мяжы? Ды таму, што ён баіцца. Для яго палітычная стабільнасць, якую ён пабудаваў, стабільнасць могілак, важнейшая, чым эканамічная стабільнасць. Бо ён баіцца, што людзі, якія вярнуліся, зноў зладзяць яму тое, што ён называе «спробай неканстытуцыйнага захопу ўлады», — разважае эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Яшчэ адзін спосаб вырашыць праблему дэфіцыту кадраў, на думку беларускіх уладаў, — прымус да працы «дармаедаў», тых, каго яны лічаць незанятымі ў эканоміцы. У міліцыі афіцыйна непрацаўладкаваным пагражаюць штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. У праваабарончым цэнтры «Вясна» называюць такія меры незаконнымі.

«Улада не адмаўляецца ад свайго жадання прымусіць у першую чаргу ўсіх афіцыйна працаваць. Але мы, праваабаронцы, у першую чаргу кажам, што незалежна ад таго, ці працуе той ці іншы чалавек па найме або паводле працоўнай дамовы, тым не менш ён усё роўна, будучы спажыўцом тавараў і паслуг, — ён усё роўна бярэ ўдзел у фінансаванні дзяржаўнага бюджэту: праз уплату ўскосных падаткаў», — падкрэслівае юрыст Леанід Судаленка.

З кастрычніка 2025 года ўлады Беларусі павысілі для так званых дармаедаў тарыфы на камунальныя паслугі. За ацяпленне, гарачую ваду і газ іх абавязалі плаціць амаль у пяць разоў больш, чым афіцыйна працаўладкаваныя грамадзяне. Новаўвядзенні закранулі і тых, хто працуе за мяжой.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках