Павал Севярынец: Мы пройдземся па свабоднай Беларусі
6- 4.01.2026, 15:48
- 6,646
Беларусы вельмі моцна «падраслі» за апошнія пяць з паловай гадоў.
У інтэрв’ю «Зеркало» экс-палітвязень, адзін з лідараў беларускай апазіцыі, саўзаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) Павал Севярынец распавёў, што змянілася за пяць гадоў, якія ён правёў за кратамі.
— Як вы сябе адчуваеце гэтыя некалькі тыдняў на волі, пасля такога вялікага тэрміну зняволення?
— Выхад быў нібыта нараджэнне нанова. Вакол нейкі незнаёмы свет, балюча, незразумела.
Нас суткі везлі з мяшком на галаве. Мяне — з Гродна (перад вызваленнем Павал знаходзіўся ў турме № 1 у гэтым горадзе. — Заўв. рэд.), праз усю Беларусь. Спачатку нават падумаў, што вязуць у Расію, бо праз мяшок было відаць сонца — значыць, едзем на ўсход.
А потым бачым — Украіна. Праехалі па Чарнігаве, паглядзелі разбураныя будынкі, уначы слухалі паветраную трывогу, кожную ноч спускаліся ў бомбасховішча. «Шахеды» ляталі, адзін збілі за трыста метраў ад гатэля. Адчуваеш, што людзі жывуць у стане вайны. Такое толькі ў кіно бачыў.
Таму так, разам з паветрам свабоды — новы, балючы свет.
На мой погляд, людзі вельмі моцна падраслі за гэтыя пяць з паловай гадоў, за якія я не быў на волі ў Беларусі. Напрыклад, у плане салідарнасці: мы прыехалі, а тут дзясяткі арганізацый, ініцыятыў і сотні людзей, гатовых дапамагчы. Такога ўзроўню салідарнасці не прыгадваю. Абсалютная большасць беларусаў ведае, што мы — народ, які павінен берагчы мову і культуру, які павінен берагчы сваю зямлю — тое, што дадзена Богам.
Адначасова адчуванне падзелу. Мы тут, нас жа вывезлі — фактычна экспарт людзей [як тавару] у Еўрасаюз. А ў Беларусі асобны свет. Людзі чысцяць браўзеры пасля кожнага заходу ў інтэрнэт па навіны. Чакаюць, што да іх прыйдуць сёння або заўтра, або паслязаўтра. У канцэнтраваным выглядзе гэта адчуваецца і ў турме. Там у любы момант можа «прыляцець», можаш апынуцца ў ШІЗА, цябе могуць адправіць на этап, абсалютна нечакана.
Думаю, Бог вось так рыхтаваў, фармаваў, выхоўваў [нас] для новай сітуацыі, для таго, што будзе пасля. Свет змяняецца вельмі хутка і становіцца ўсё больш жорсткім. І ў свой час, калі Бог дасць, мы дачакаемся і пройдземся па свабоднай Беларусі, свабодна дыхаючы, абдымемся з роднымі і блізкімі. Але пакуль трэба падрыхтавацца, чакаць, саспець да гэтага моманту.