Аперацыя ЗША ў Венесуэле выявіла хлусню Z-прапаганды
8- 4.01.2026, 17:16
- 17,102
Крамлёўскія прапагандысты апынуліся ў складаным становішчы.
Аперацыя ЗША «Абсалютная рашучасць» стала ўдарам не толькі для венесуэльскага рэжыму, але і для крамлёўскай прапаганды. Апошнія месяцы расСМІ хлусілі расіянам, што Крэмль не аддасць Амерыцы дыктатара Ніколаса Мадура.
На чарговы канфуз расіян звярнуў увагу журналіст Дзяніс Казанскі, піша «Дыялог».
Найбольш паказальным стаў выступ прапагандыста Сяргея Карнаухава у эфіры рэсурсу «Салаўёў Live», які фінансуецца з Крамля. Ён, намякаючы на вельмі інфармаваныя крыніцы, заявіў, што РФ здзейсніла нейкія сакрэтныя дзеянні ў Венесуэле, пасля якіх лідар ЗША Дональд Трамп перадумаў туды соўвацца.
«Вось Мадура правільнае рашэнне прыняў — ён пачаў абапірацца на Расію. Шмат публічна не скажаш. Але давайце скажам так абцякальна — калі б не Расія, цяпер Венесуэла гарэла б. Я гэта цалкам адказна заяўляю! Мы шмат зрабілі для таго, каб у Венесуэле захаваўся мір, каб сёння Трамп і так душэўна, па-брацку пагаварыў з Мадура. А чаму? А таму што ён (Трамп — рэд.) зразумеў — цяпер гуляць з намі немагчыма вось так, падманваючы, виляючы хвастом, ствараючы схемы. Усё! Гэты свет скончыўся. Мы прынялі рашэнне. Мы не далі амерыканцам разнесці Венесуэлу. Як мы гэта зрабілі? Калі-небудзь пра гэта здымуць фільмы, пра гэта напішуць кнігі. Зараз гэта сакрэт. Але, паверце, зроблена бліскуча! Зроблена людзьмі, якія атрымалі рэальны баявы досвед у ходзе вядзення «СВА». Зроблена фантастычна крута. І рабілі загадзя, таму што была адпаведная разведынфармацыя. І падрыхтаваліся так, што Трамп, тык-мык, адвёў флот і зразумеў, што гэты флот патоне ў бліжэйшыя паўтары-дзве гадзіны пасля пачатку актыўных баявых дзеянняў. Проста патоне! Ніякія ракеты яго не выратуюць», — заявіў Карнаухаў.
Гэты эфір адбыўся ў пачатку снежня, то бок усяго за месяц да ўдалага рэйду ЗША ў Венесуэле. Нагадаем, што ў ноч на 3 студзеня спецназ ЗША высадзіўся ў Каракасе і затрымаў Мадура проста ў яго доме. Амерыканцы паспяхова вывезлі дыктатара ў ЗША для суда, не панёсшы аніводнай страты. Армія Венесуэлы практычна не аказала ніякага супраціву, нягледзячы на наяўнасць у яе расійскага ўзбраення, у тым ліку сістэм «С-300».
Сёння відавочна, што хвальлівыя заявы прапагандыстаў прыдуманыя ад пачатку да канца.
«Які ж кайф цяпер пераглядаць старыя эфіры расійскіх прапагандыстаў пра Мадура і Венесуэлу. Вось гэта проста ў залаты фонд. Такія прыклады наглядна дэманструюць, чаго вартыя ўсе іх словы», — напісаў Казанскі.