Да чаго прыводзіць адмова ад алкаголю ўсяго на адзін месяц
17- 4.01.2026, 18:27
- 9,856
Ваш сон стане значна лепшым.
Ці можна святкаваць Новы год без келіха ігрыстага і без святочных тостаў? Удзельнікі акцыі «Сухі студзень» упэўнены, што так. Іх уменне своечасова адмаўляцца ад спіртнога натхніла навукоўцаў з Універсітэта Браўна (ЗША) на новае метадаследаванне, піша «Нож».
Акцыя «Сухі студзень» узнікла ў Вялікабрытаніі ў 2013 годзе. У першы год чэленджу 4 тыс. дарослых людзей згадзіліся правесці святы без спіртнога. Да 2025 года колькасць афіцыйных цвярознікаў вырасла да 200 тыс.
Каманда навукоўцаў пажадала зразумець, ці сапраўды кароткатэрміновая адмова ад алкаголю прыносіць адчувальную карысць здароўю людзей. Для гэтага даследчыкі прааналізавалі даныя з актуальных навуковых артыкулаў.
У выбарку ўвайшлі 16 даследаванняў, у якіх узялі ўдзел больш за 150 тыс. чалавек. Навукоўцаў цікавіла, як «сухі» месяц уплывае на сон і настрой добраахвотнікаў, а таксама на стан іх унутраных органаў.
«Нават пасля месячнага ўстрымання ад ужывання алкаголю адбыліся прыкметныя змены ў некалькіх біямаркерах, звязаных з ужываннем алкаголю», — падзялілася Меган Строўгер, вядучая аўтарка артыкула.
Калі верыць вынікам метадаследавання, устрыманне ад алкаголю на месяц істотна палепшыла якасць сну ўдзельнікаў, іх настрой у сярэднім таксама станавіўся больш стабільным. Больш за тое, большасць добраахвотнікаў страціла некалькі кілаграмаў, у іх знізіўся артэрыяльны ціск і колькасць тлушчу ў печані, палепшыліся паказчыкі глюкозы ў крыві.
Навукоўцаў уразіла, наколькі імкліва адмова ад спіртнога палепшыла працу ўсяго арганізма. Паводле іх слоў, яны і ўявіць сабе не маглі, што «ў арганізме можа адбыцца так шмат змяненняў усяго за месяц».