Што вядома пра пошукі беларускі, якую знесла рачным цячэннем пад Мурманскам
11- 4.01.2026, 18:45
- 14,224
Яна займалася айсфлоатынгам.
Пад расійскім Мурманскам працягваюцца пошукава-выратавальныя працы па пошуку прапалай грамадзянкі Беларусі, якую знесла рачным цячэннем. Пра гэта паведамляе «КП-Мурманск».
Увечары 1 студзеня 2026 года беларускую турыстку знесла цячэннем ракі Тулома падчас заняткаў айсфлоатынгам (плаванне на паверхні ледзяной вады ў спецыяльным уцяпленым герметычным гідракасцюме — Заўв.). З таго часу пошукі жанчыны не спыняюцца.
Як паведаміла начальніца прэс-службы Галоўнага ўпраўлення МНС Расіі па Мурманскай вобласці Дзіна Рыгіна, у аперацыі задзейнічаныя выратавальнікі Мурманскага арктычнага комплекснага аварыйна-выратавальнага цэнтра МНС Расіі, а таксама аварыйна-выратавальнага атрада МНС Мурманскай вобласці. Акрамя таго, у пошуках удзельнічаюць супрацоўнікі цэнтра Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных судах, а таксама далучыліся валанцёры.
Следчыя распачалі крымінальную справу па частцы 1 артыкула 238 Крымінальнага кодэкса Расіі — аказанне паслуг, што не адпавядаюць патрабаванням бяспекі жыцця або здароўя спажыўцоў. Вядома, што айсфлоатынг праводзіў мясцовы сертыфікаваны гід.
Як паведамляецца, нягледзячы на трагедыю, іншыя турысты не сталі адмаўляцца ад гэтай забавы, хоць у Мурманскай вобласці цяпер узмацніўся мароз.