ЗСУ ўдарылі па будынку з акружанымі расіянамі ў Купянску
3- 4.01.2026, 19:08
- 13,360
Z-ваенкары адразу прыдумалі небывальшчыню пра «наймітаў».
Тэлеграм-канал SHOT паведаміў пра «авіяўдар», які ЗСУ нібыта нанеслі па сваіх жа «вайскоўцах і наймітах», якія хаваліся ў цэнтральнай бальніцы ў Купянску.
«У ходзе беспаспяховых наступальных дзеянняў ЗСУ частка наймітаў, якіх украінскае камандаванне закінула ў самае пекла ў Купянску, паспрабавала ўратавацца ў бальніцы. Па будынку быў нанесены камбінаваны ўдар. Пасля прылётаў ён амаль цалкам зруйнаваўся. Дзясяткі байцоў ЗСУ і наймітаў, якія былі ўнутры, папярэдне, загінулі», — гаворыцца ў паведамленні.
Пасля гэтага Z-ваенкар Раманаў назваў прапагандыстаў SHOT «бяспрынцыповымі ілжывымі мразямі». Паводле ягоных звестак, у бальніцы хаваліся акружаныя расійскія вайскоўцы, заўважыла ASTRA.
«Бальніца была за намі. Вораг сапраўды яе «разбіраў» увесь апошні тыдзень. Толькі працаваў вораг па нашых хлопцах. Якіх проста кінулі там», — напісаў ён.
Яшчэ адзін Z-канал «Піянер запасу» заявіў, што за апошні тыдзень «адбыліся масіраваныя авіяўдары па суседніх будынках і непасрэдна па будынку ЦРБ», і паабяцаў апублікаваць адпаведныя відэа. Напярэдадні ў канале з’явіліся фотаздымкі акружаных у Купянску расійскіх вайскоўцаў. «Так, нашы хлопцы ўсё яшчэ знаходзяцца ў акружэнні, але трымаюцца», — напісаў Z-канал.