7 студзеня 2026, Серада, 5:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шок для Лукашэнкі

17
Шок для Лукашэнкі
Валер Карбалевіч

І ўсё так добра пачыналася, як раптам здарыўся «казус Мадура».

Амерыканская аперацыя ў Венесуэле, верагодна, стала шокам для Лукашэнкі і зламала ягонае палітычнае пазіцыянаванне. Сутыкнуліся два падыходы, што знаходзяцца ў прынцыповым супярэчанні.

З аднаго боку, Лукашэнка катэгарычна супраць гвалтоўнай змены ўлады, асабліва калі яна дыктатарская. Для яго любая ўлада — рэч сакральная, і замах на яе з’яўляецца блюзнерствам. Ён абараняў усіх дыктатараў, многім прапаноўваў палітычны прытулак (Слабадану Мілошавічу, Садаму Хусэйну, Віктару Януковічу). Прытуліў у сябе былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Заяўляў пра гатоўнасць прыняць і Мадура, назваўшы яго ў нядаўнім інтэрв’ю «героічным мужыком». Лукашэнка заўсёды прымярае на сябе лёс дыктатараў.

Але ёсць і другі бок. У 2025 годзе Лукашэнка намацаў стратэгію, якая павінна была дапамагчы ў вырашэнні міжнародных праблем, перадусім у адносінах з Захадам. Ён зрабіў стаўку на Трампа, прадставіўшы сябе паслядоўным трампістам. Прэзідэнт ЗША ў ўяўленні Лукашэнкі выступаў у ролі своеасаблівай сцінабітнай машыны, якая павінна была разбурыць заходнюю сцяну. Здавалася, знойдзена агульная глеба, заснаваная на прагматызме, а не на дыскусіях пра правы чалавека.

І ўсё так добра пачыналася, як раптам здарыўся «казус Мадура». Ён збіў усю праграму. І рэжым кінуўся мітусіцца. Афіцыйна быў заяўлены пратэст супраць дзеянняў ЗША, выказаная падтрымка Венесуэле. Але яксьці дзіўна. МЗС Беларусі асудзіў «узброеную агрэсію» супраць Венесуэлы, не ўказаўшы, ад каго яна зыходзіла. Потым адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова з венесуэльскім калегам. Была і адпаведная заява старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай.

Таксама з’явілася кароткая, у адно сказ, рэпліка Лукашэнкі, якую перадалі БелТА і тэлеграм-канал «Пул першага»: «Прэзідэнт Беларусі КАТЭГАРЫЧНА асуджае акт амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы». Аднак самога кіраўніка з гэтай нагоды на экране не паказалі. Больш за тое, і на афіцыйным сайце Лукашэнкі гэтай рэплікі няма. То-бок рэакцыя нібыта ёсць, але нейкая сарамлівая, схаваная.

Зусім нядаўна Лукашэнка радасна анансаваў сваю хуткую сустрэчу з Трампам. Аднак цяпер можна меркаваць, што калі ён і чакае такой сустрэчы, дык з вялікай асцярожнасцю і падазронасцю. Бо перад вачыма стаіць вобраз затрыманага кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадура, якога ў кайданках вядуць у амерыканскі ізалятар. Што ні кажы, а лёс дыктатараў не салодкі.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках