Лідары Даніі і Грэнландыі: Мы не прадаёмся
4- 5.01.2026, 12:24
- 2,942
Трампа заклікалі адмовіцца ад ціску і «фантазій» пра захоп вострава.
Прэм'ер-міністры Даніі і Грэнландыі, Мэтэ Фрэдэрыксэн і Йенс-Фрэдэрык Нільсэн, заклікалі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа перастаць пагражаць захапіць Грэнландыю. Пра гэта яны напісалі 4 студзеня ў сваіх сацсетках.
Падчас інтэрв'ю часопісу The Atlantic пра дзеянні ЗША ў Венесуэле 4 студзеня Трамп зноў пацвердзіў жаданне кантраляваць Грэнландыю. Таксама на брыфінгу на борце самалёта Air Force One 4 студзеня ён сказаў, што Грэнландыя патрэбная ЗША з меркаванняў нацыянальнай бяспекі.
Фрэдэрыксэн напісала у Facebook, што ЗША «не маюць права анексаваць ні адну з трох краін, якія ўваходзяць у склад Каралеўства Даніі». Яна нагадала, што Данія, а значыць і Грэнландыя, уваходзіць у НАТА і, адпаведна, падпадае пад гарантыі бяспекі Альянсу. Акрамя таго, Фрэдэрыксэн адзначыла, што абарончая дамова паміж Даніяй і ЗША прадастаўляе Злучаным Штатам шырокі доступ да Грэнландыі. Таксама, паводле яе слоў, Данія ўклала значныя сродкі ў забеспячэнне бяспекі ў Арктыцы.
«Таму я настойліва заклікаю ЗША спыніць пагрозы ў адрас гістарычна блізкага саюзніка, а таксама іншай краіны і іншага народа, якія вельмі выразна заявілі, што яны не прадаюцца», — заявіла Фрэдэрыксэн.
Нільсэн у Facebook адзначыў, што рыторыка ЗША адносна Грэнландыі «з'яўляецца абсалютна непрымальнай». «Калі прэзідэнт Злучаных Штатаў кажа, што «нам патрэбная Грэнландыя», і звязвае нас з Венесуэлай і ваенным умяшаннем, гэта не проста няправільна. Гэта вельмі непаважліва», — заявіў прэм'ер.
«Досыць. Больш ніякага ціску. Больш ніякіх намёкаў. Больш ніякіх фантазій пра анексію», — заклікаў Нільсэн.