Зяленскі: Васіль Малюк сыходзіць з пасады кіраўніка СБУ
25- 5.01.2026, 14:49
- 17,628
Былому кіраўніку даручана ўзмацніць напрамак спецаперацый супраць РФ.
Васіль Малюк сыходзіць з пасады кіраўніка Службы бяспекі Украіны. Гэта афіцыйна пацвердзіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Ён даручыў Малюку зрабіць напрамак украінскіх асіметрычных аперацый самым моцным у свеце.
«Сустрэліся з Васілём Малюком. Падзякаваў яму за баявую працу і прапанаваў засяродзіцца менавіта на такой працы. Павінна быць больш украінскіх асіметрычных аперацый супраць акупанта і расійскай дзяржавы, больш нашых моцных вынікаў у знішчэнні ворага. Васіль Васілевіч умее гэта лепш за ўсіх і менавіта гэтым працягне займацца ў сістэме СБУ. Даручыў Васілю Малюку зрабіць напрамак нашых асіметрычных аперацый наймацнейшым у свеце. Рэсурсы і належная палітычная падтрымка для гэтага ёсць. Разам абмеркавалі і кандыдатуры, каб абраць новага кіраўніка СБУ. Слава Украіне!» — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Кіраўнік Службы бяспекі Украіны (СБУ) Васіль Малюк таксама заявіў пра адстаўку з пасады.
«Сыходжу з пасады старшыні Службы бяспекі. Застаюся ў сістэме СБУ рэалізоўваць асіметрычныя спецаперацыі сусветнага ўзроўню, якія і далей будуць наносіць ворагу максімальную шкоду.
Упэўнены, што моцная і сучасная спецслужба — залог бяспекі нашай дзяржавы. На гэта накіраваныя змены, якія ўкараняе прэзідэнт Украіны ў сферы абароны, і я дзякую яму. Веру ў справядлівы мір і росквіт Украіны», — цытуе Васіля Малюка тэлеграм-канал СБУ.
Ён не ўдакладніў, якую канкрэтна пасаду будзе займаць.