У Беларусі змянілі парадак льготнага забеспячэння людзей лекамі
4- 5.01.2026, 21:24
- 15,998
Падрабязнасці.
Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын падпісаў пастанову «савета міністраў» «Аб льготным забеспячэнні лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі», паведамляе прэс-служба ўрада.
Дакумент, як заяўлена, накіраваны на паляпшэнне сістэмы льготнага забеспячэння лекамі, а таксама на ўзмацненне сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян, якія пакутуюць ад цяжкіх хранічных захворванняў.
Пастановай зацвярджаецца Палажэнне аб парадку бясплатнага і льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі. Таксама ўсталёўваецца пералік захворванняў, што даюць права на бясплатнае атрыманне лекаў па рэцэптах лекараў (у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў) пры амбулаторным лячэнні, а таксама на лячэбнае харчаванне.
Асноўныя змены:
вызначана дакладная перыядычнасць адпуску лекаў з аптэкі ў выпадку выпісвання іх на працяглы курс лячэння — да шасці месяцаў;
пашырана магчымасць атрымання льготнага лекавага сродку на тэрыторыі раёна і вобласці, а не толькі па месцы выпіскі льготнага рэцэпту, як было раней;
пашыраны паўнамоцтвы і абавязкі медыцынскіх работнікаў па льготным лекавым забеспячэнні жыхароў сельскіх населеных пунктаў, у якіх адсутнічаюць аптэкі (да гэтага часу там прадаваліся лекі толькі па поўнай цане);
дзеючы пералік захворванняў для льготнага лекавага забеспячэння пры амбулаторным лячэнні дапоўнены 12 новымі пазіцыямі, у тым ліку рэдкімі генетычнымі і хранічнымі сістэмнымі захворваннямі;
для шэрагу захворванняў, якія ўжо былі ў пераліку, зняты ўзроставыя абмежаванні на атрыманне льготных лекаў.
Пастанова ўступае ў сілу праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.