Севярынец аб сыходзе Лукашэнкі па сцэнары Мадуры: Падобнае можа быць і ў нас
12- 5.01.2026, 23:09
- 10,920
Беларусам трэба быць гатовымі.
Аляксандр Лукашэнка можа вельмі раптам страціць уладу ў Беларусі, у тым ліку з ім можа здарыцца тое самае, што з дыктатарам Венесуэлы Нікаласам Мадурам, якога ЗША сілай вывезлі з краіны і змясцілі ў турму. Галоўнае для беларусаў — быць гатовымі прыняць свабоду і незалежнасць. Такім меркаваннем падзяліўся ў размове з «Белсатам» палітык, былы палітвязень Павал Севярынец.
Павал Севярынец адзначае, што многія беларусы часта скардзяцца, што ў краіне нічога не змяняецца, аднак нават апошнія падзеі паказваюць, што змены могуць прыйсці хутка і раптоўна. Напрыклад, у Венесуэле Нікалас Мадура кіраваў краінай з 2013 года і, здавалася, вельмі трывала трымаўся на пасадзе. Аднак 3 студзеня ў выніку нападу ЗША Мадура разам з жонкай быў захоплены і вывезены ў ЗША.
«Змяняцца ўсё можа вельмі і вельмі хутка, і нам, беларусам, народу цярпення, трэба разумець, што ў свой час, калі мы будзем трымацца, калі мы будзем стаяць у праўдзе, калі мы будзем працаваць, мы ўбачым яшчэ і не такія рэчы», — кажа Павал Севярынец.
На пытанне, ці можа з Аляксандрам Лукашэнкам адбыцца нешта падобнае, як з Мадурам, суразмоўца адказвае, што магчыма ўсё.
«Я часам задаю сабе пытанне, для чаго Бог дазваляе, каб Лукашэнка заставаўся на сваім месцы. Магчыма, у нейкі час мы як народ не былі гатовыя прыняць свабоду і незалежнасць. Гэта рэчы вельмі важныя. Варта быць гатовымі. Бо з Бібліі мы ведаем: народ ізраільскі не быў гатовы ўвайсці ў зямлю абяцаную і сорак гадоў вандраваў па пустыні. Падобнае можа быць і ў нас, але я веру, што калі надыдзе час і мы будзем гатовыя, будуць гатовыя нашы сэрцы, Гасподзь Бог зменіць усё за лічаныя хвіліны», — працягвае Павал Севярынец.
Таму ён дапускае, што Лукашэнка можа сысці і як Мадура, і натуральным чынам, і нават з-за нейкіх немыслімых падзей.
«Дзіўляцца гэтаму не варта. Бог — стваральнік гісторыі. Мы, людзі, наколькі гэта магчыма, можам дапамагчы яму або блытацца ў яго пад нагамі. Але ўрэшце вырашае ён, а ён заўсёды вырашае эфектна і бліскуча», — падсумоўвае Павал Севярынец.