7 студзеня 2026, Серада, 20:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bild: ЗША затрымалі не проста жонку Мадуры

7
Bild: ЗША затрымалі не проста жонку Мадуры

Вашынгтон лічыць Флорэс цэнтральнай фігурай міжнароднай сеткі наркагандлю.

Як і яе муж, Сілія Адэла Флорэс дэ Мадура была затрыманая ў ноч на суботу падчас відовішнай аперацыі арміі ЗША ў Каракасе. Цяпер жонка зрынутага дыктатара таксама чакае суда ў бруклінскай турме. У чым яе абвінавачваюць і хто яна? Пра гэта піша BILD.

Флорэс нарадзілася ў 1956 годзе ў штаце Кахедэс «на ранча з гліністай глебай», — аднойчы расказваў Мадура. Паводле дадзеных BBC, у раннім дзяцінстве яна разам з сям’ёй пераехала ў Каракас. У 32 гады атрымала дыплом юрысткі, што прывяло яе ў арбіту Мадуры. Яны пазнаёміліся ў 1990-я гады. Яна — адвакатка былога прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса, Мадура — яго давераная асоба. Сілія «падміргнула яму», — успамінаў дыктатар іх знаёмства. Ажаніліся яны толькі ў ліпені 2013 года, неўзабаве пасля ўступлення Мадуры на пасаду прэзідэнта. Агульных дзяцей у іх няма. У Флорэс трое сыноў ад першага шлюбу, у Мадуры — адзін сын.

Флорэс не была першай лэдзі, якая проста ўсміхаецца і наведвае школы або дамы састарэлых. New York Times называе яе адной з самых магутных фігур рэжыму — яе называюць не першай лэдзі, а «Primera Combatiente» («Першая баявая паплечніца»). Палітычны ўзлёт Флорэс пачаўся яшчэ ў 1990-я. Як вядучая адвакатка яна дамаглася вызвалення з турмы Уга Чавеса пасля таго, як той у 1992 годзе пацярпеў няўдачу пры спробе перавароту. А ў 1994 годзе яна дабілася для яго памілавання ад новага прэзідэнта Рафаэля Кальдэры.

«Суправіцелька»

У 2006 годзе Флорэс стала першай жанчынай на пасадзе старшыні парламента Венесуэлы. Яна прыняла пасаду ад (сюрпрыз!) Нікаласа Мадуры. Ён жа стаў міністрам замежных спраў. Флорэс таксама аказалася спрытнай у пытаннях кумавства: да 2011 года, паводле дадзеных газеты Tal Cual, як мінімум 16 яе сваякоў атрымалі працу ў парламенце. Vanity Fair кажа нават пра 40. У 2012 годзе Флорэс стала галоўнай адвакаткай урада. Эксперты часта апісваюць яе як «мазг» юрыдычных і інстытуцыйных манеўраў Мадуры. У сакавіку 2013 года яна пайшла ў адстаўку, але на яе ўплыве гэта не адбілася.

«Нікалас — гэта твар, а Сілія — кулак. Нічога істотнага не адбываецца ў палацы Мірафлорэс без яе адабрэння. Менавіта яна кантралюе лаяльнасць суддзяў», — цытавала Miami Herald у 2017 годзе былога высокапастаўленага афіцэра ўнутранай разведкі Венесуэлы.

Пасля перамогі апазіцыі на выбарах 2015 года Флорэс вяртаецца ў парламент як дэпутатка і выходзіць на тэлебачанне. Яе праграма называецца «Con Cilia en Familia». Яна наведвае сем’і і дэманструе блізкасць да народа. У 2017 годзе яна ўваходзіць у Устаноўчы нацыянальны сход, каб затыкаць рот палітычным апанентам мужа. У 2021 годзе яна зноў становіцца дэпутаткай — да таго часу, пакуль ЗША не арыштавалі яе 3 студзеня.

Прыгнятальніца і абвінавачаная

Праваабарончыя арганізацыі і следчыя ААН ускладаюць на рэжым Мадуры адказнасць за пазасудовыя пакаранні смерцю, адвольныя затрыманні і палітычныя пераследы. Крытыкі таксама абвінавачваюць Мадуру ў тым, што, блакуючы міжнародныя гуманітарныя пастаўкі, ён пагоршыў гуманітарны крызіс у краіне. І заўсёды ў цэнтры абвінавачанняў — Сілія Флорэс.

«Яна ніколі не была першай лэдзі. Яна была суправіцелькай. У матэрыялах DEA (Упраўлення па барацьбе з наркотыкамі ЗША, прым. рэд.) яна фігуруе не як жонка, а як ключавая фігура фінансавых сетак рэжыму», — заявіў былы высокапастаўлены супрацоўнік DEA газеце New York Times у 2020 годзе.

Улады ЗША лічаць Флорэс цэнтральнай фігурай міжнароднай сеткі наркагандлю. Яна ўжо шмат гадоў знаходзіцца ў санкцыйных спісах заходніх дзяржаў. Цяпер ёй афіцыйна прад’яўлены абвінавачванні ў ЗША: гандаль наркотыкамі, фінансаванне тэрарызму і незаконнае валоданне зброяй.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках