Католікі 6 студзеня святкуюць Дзень Трох Каралёў або свята Багаяўлення
2- 6.01.2026, 12:03
- 4,194
Пасля вяртання з касцёла вернікі акурваюць свае дамы ладанам.
На дванаццаты дзень пасля Божага Нараджэння, 6 студзеня, католікі ўсіх краін адзначаюць свята Трох Каралёў.
Сэнс гэтага свята раскрывае Евангелле. Біблейская гісторыя апавядае пра трох валхвоў — Мельхіёра, Каспара і Бальтазара. Яны прыйшлі з Усходу і прынеслі свае дары Дзіцятку Езусу. Шлях ім паказала Віфлеемская зорка.
Дары валхвоў маюць сімвалічнае значэнне. Золата — дар Цару; ладан — сімвал святарства; смірна — знак будучай адкупленчай смерці Хрыста.
Святкаванне Дня Трох Каралёў заключаецца ў наведванні ўрачыстай імшы. Ля гарадскіх і сельскіх храмаў ладзяцца тэатралізаваныя фальклорныя прадстаўленні, якія паказваюць прыход валхвоў у Віфлеем і іх пакланенне Богадзіцяці. У кожным храме ўсталёўваюцца вертепы — калядныя яслi, якія ў мініяцюры адлюстроўваюць Святое Сямейства і трох валхвоў.
Месцам масавага пілігрымавання вернікаў становіцца ў гэты дзень Кёльнскі сабор святога Пятра і Маці Божай, дзе захоўваюцца рэліквіі валхвоў. Традыцыя пакланяцца ў Кёльне рэліквіям трох валхвоў бярэ пачатак з XII–XIII стст., калі ў Еўропу ў выніку Крыжовых паходаў было дастаўлена шмат хрысціянскіх святыняў, у тым ліку — рэліквіі валхвоў. У Сярэднявеччы Кёльн паводле колькасці пілігрымаў, што сцякаліся сюды, быў адным з найважнейшых пілігрымніцкіх гарадоў Заходняй Еўропы.
У гэты дзень асвячаюць золата, ладан, ваду і крэйду. Пасля вяртання з касцёла вернікі акурваюць свае дамы ладанам і пішуць на ўваходных дзвярах крэйдай літары C.M.B. і бягучы год. Гэтыя літары — абрэвіятура лацінскага надпісу «Christus Mansionem Benedicat», што ў перакладзе азначае «Няхай Хрыстос благаславіць гэты дом».
Асвячонае золата абараняе ад хваробаў і нячыстых сіл.
Пасля імшы ўсе збіраюцца на вячэру. Стол павінен быць як мага больш багатым і шчодрым. Стравы, як правіла, такія ж, якія гатавалі на навагоднія і калядныя святы.
У гэты дзень падаюць спецыяльны пірог трох каралёў у форме кароны. У Германіі ён называецца Dreikönigskuchen, у Англіі — King’s Cake, у Францыі — Galette de Rois, у Іспаніі — Roscón de Reyes, у Партугаліі — Bolo Rei. Гэты традыцыйны святочны пірог выпякаюць да 6 студзеня. Ён сімвалізуе дары трох валхвоў, якія яны паднеслі Дзіцятку Езусу. У пірог хаваюць цэлы міндальны арэх, і той, хто яго знаходзіць, абвяшчаецца міндальным каралём. Лічыцца, што знайсці гэты арэх — значыць набыць удачу.
Да гэтага дня прыурочаная яшчэ адна традыцыя — працэсія Трох Каралёў. Дзеці, пераапранутыя ў трох каралёў, у белых балахонах з каронамі на галаве і доўгім шостам, увянчаным зоркай, ходзяць з песнямі пра Віфлеемскую зорку ад хаты да хаты, благаслаўляюць іх гаспадароў і збіраюць грошы на дабрачынныя патрэбы.