У Мінску збіраюцца судзіць трох кіраўнікоў страхавых кампаній
3- 6.01.2026, 12:05
- 6,702
За 10 гадоў атрымалі 1,2 мільёна рублёў хабараў.
У Мінску ў суд накіравана крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў трох страхавых кампаній, паведаміла Генпракуратура. Топ-менеджараў абвінавачваюць у атрыманні хабараў на 1,2 млн рублёў, піша «Зеркало».
Трох кіраўнікоў страхавых кампаній абвінавачваюць у тым, што яны больш за 10 гадоў бралі хабар незалежна адзін ад аднаго, але «з адзіным умыслом». Грошы бралі ў «прадстаўніка замежнай камерцыйнай арганізацыі, якая аказвае сэрвісныя паслугі ў частцы прадастаўлення застрахаваным асобам медыцынскай дапамогі за мяжой».
Хабары перадаваліся за «магчымасць супрацоўніцтва з беларускімі страхоўшчыкамі і пераважнае стаўленне да гэтай замежнай арганізацыі».
Сукупная сума атрымленых топ-менеджарамі грошай перавысіла 1,2 млн рублёў.
Акрамя таго, адзін з траіх абвінавачваецца ў тым, што ён, займаючы пасаду дарадцы гендырэктара страхавой кампаніі, шляхам падману і злоўжывання даверам завалодаў чужымі сродкамі ў памеры каля 29 тысяч рублёў.
«Хабародавец вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотным паведамленнем пра зробленае і актыўнай дапамогай у раскрыцці і расследаванні злачынства», — паведамілі ў Генпракуратуры.
На маёмасць абвінавачваных накладзены арышт. Прычым яе кошт «кратна перавысіў даход, атрыманы злачынным шляхам».
Усе трае знаходзяцца пад вартай, ім прад’яўленыя абвінавачанні ў хабарніцтве ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК), былому дарадцу гендырэктара — яшчэ і ў буйным махлярстве (ч. 3 арт. 209 КК). Ім пагражае ад пяці да 15 гадоў калоніі.
Нагадаем, пра затрыманне трох топ-менеджараў страхавых кампаній стала вядома ў чэрвені 2025 года. СМІ пісалі, што гаворка ідзе пра дырэктараў страхавых кампаній ТАСК і «Прамтрансінвест» Ігара Волкава і Уладзіміра Ефрэменкі. Трэці затрыманы — 65-гадовы мужчына, які раней займаў аналагічную пасаду.