Навукоўцы: Выяўлена тое, чаго ў Сусвеце не павінна быць
9- 6.01.2026, 12:57
- 8,382
Гэты аб'ект змяняе ўяўленне пра космас.
За апошнія некалькі гадоў астраномы выявілі шмат аб'ектаў і з'яў у космасе, якія кідаюць выклік нашым найлепшым уяўленням пра эвалюцыю Сусвету і галактык у ім. Цяпер астраномы выявілі ў раннім Сусвеце скупчэнне галактык, унутры якога знаходзіцца газ, які не павінен быць настолькі гарачым, якім ён ёсць.
Гэтае адкрыццё супярэчыць існуючым мадэлям фарміравання скупчанняў галактык, якія прадказваюць, што такія тэмпературы газу назіраюцца толькі ў больш сталых і стабільных скупчаннях галактык на больш позніх этапах жыцця Сусвету.
Даследаванне апублікавана ў часопісе Nature, піша ScinceAlert.
Астраномы выявілі маладое скупчэнне галактык, якое атрымала назву SPT2349-56. Яно існавала ўжо праз 1,4 млрд гадоў пасля Вялікага выбуху, і астраномы ўбачылі яго такім, якім яно было 12,4 млрд гадоў таму. Менавіта столькі часу святло скупчэння галактык рухалася да нас праз космас.
Гэта скупчэнне ўключае каля 30 галактык, у якіх зоркі ўтвараюцца з хуткасцю, што пераўзыходзіць хуткасць зораўтварэння ў Млечным Шляху ў 5000 разоў. Гэта скупчэнне галактык вельмі масіўнае для свайго ўзросту, а яго ядро мае дыяметр каля 500 000 светлавых гадоў, што ў 5 разоў перавышае памер нашай галактыкі.
Паводле астраномаў, яны выявілі, што міжгалактычны газ у скупчанні як мінімум у 5 разоў гарачэйшы, чым мяркуюць бягучыя мадэлі развіцця скупчанняў галактык. Гэты газ мае больш высокую тэмпературу, якая ацэньваецца ў 10 мільёнаў градусаў Цэльсія, чым назіраецца ў сучасных сталых скупчаннях галактык. Навукоўцы кажуць, што яны не чакалі ўбачыць такі гарачы газ праз 1,4 млрд гадоў пасля Вялікага выбуху. Згодна з тэорыяй, гравітацыйны ўплыў галактык і энергія зорак павінны вельмі павольна награваць міжгалактычны газ, і гэты працэс павінен займаць мільярды гадоў.
Скупчэнне галактык — гэта вобласць прасторы, дзе гравітацыя ўзмацняецца па меры таго, як галактыкі прыцягваюць адна адну. Гэтая гравітацыя ўплывае на міжгалактычны газ, павялічвае яго энергію і тэмпературу.
Паводле існуючых мадэляў, адна толькі гравітацыя не магла б стварыць такую тэмпературу. Астраномы дапускаюць, што магутныя струмені, якія зыходзяць як мінімум ад трох звышмасіўных чорных дзірак у скупчанні SPT2349-56, могуць дадаваць дадатковую энергію.
Паводле астраномаў, верагодна, звышмасіўныя чорныя дзіркі ў гэтым скупчанні ўжо тады ўкачвалі велізарную колькасць энергіі ў навакольнае асяроддзе і спрыялі фармаванню маладога скупчэння галактык значна раней, а таксама аказвалі мацнейшы ўплыў на іх развіццё, чым меркавалася.
Сучасныя мадэлі мяркуюць, што масіўныя запасы газу, якія ўтвараюць міжгалактычнае асяроддзе ў скупчаннях галактык, збіраюцца, а затым награваюцца гравітацыйнымі ўзаемадзеяннямі паміж кампанентамі маладога скупчэння, якое ператвараецца ў больш сталы, стабільны аб'ект.
Новыя даныя паказваюць, што фарміраванне скупчанняў галактык адбываецца не так, як меркавалася, а значыць, магчыма, давядзецца перагледзець працэс і хуткасць эвалюцыі скупчанняў галактык.
Разуменне скупчанняў галактык — ключ да разумення самых буйных галактык у Сусвеце. Гэтыя галактыкі ў асноўным знаходзяцца ў скупчаннях, і іх эвалюцыя ў значнай ступені вызначаецца асяроддзем скупчанняў у працэсе іх фарміравання, уключаючы міжгалактычнае асяроддзе, кажуць навукоўцы.
Новае адкрыццё сведчыць, што тэарэтычнае разуменне эвалюцыі скупчанняў галактык далёка не поўнае і патрэбныя новыя даследаванні ранняга Сусвету.