8 студзеня 2026, Чацвер, 20:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Гомелем будуюць буйны вайсковы гарадок: што вядома

3
Пад Гомелем будуюць буйны вайсковы гарадок: што вядома

Змянілася крыніца фінансавання будоўлі.

Будаўніцтва буйнага вайсковага гарадка ў раёне вёскі Прыбор Гомельскага раёна зацягваецца. Гэта вынікае з падпісанай Аляксандрам Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2026 год. Дзяржаўныя рэсурсы нічога не паведамлялі пра абноўленыя планы па ўзвядзенні гарадка, але скан дакумента вывучыў Флагшток і зрабіў высновы.

У 2026 годзе на працяг будаўніцтва вайсковага гарадка, пачатага ў 2023 годзе, выдзелена толькі 64 млн рублёў (21,7 млн долараў). Значна большыя сумы прадугледжаныя на наступныя гады: 200 мільёнаў рублёў у 2027 годзе і 341,8 мільёна ў 2028 годзе. З гэтага вынікае, што найбольш актыўная будоўля прадугледжваецца ў наступныя гады, але гэта не азначае, што будаўніцтва будзе завершана на працягу гэтых трох гадоў.

Тое ж датычыцца і вайсковага палігона: фінансаванне на яго ўзвядзенне таксама расцягнута на бліжэйшыя тры гады. І калі ў 2026 годзе на будаўніцтва палігона выдзелена толькі 15 млн руб., то ў 2027 і 2028 гадах — 150 млн і 245,7 млн адпаведна. Сёння дакладна невядома, што ўяўляе сабой палігон. Перадбачаецца, што гэта пляцоўка, размешчаная побач з вайсковым гарадком каля пасёлка Прыбор. Яе пераўтварэнне пачалося паралельна са стварэннем вайсковага гарадка. У дзяржаўных закупках пляцоўка фігуруе пад назвай «тактычнае поле».

У новай інвестыцыйнай праграме таксама змянілася крыніца фінансавання. Калі раней стварэнне вайсковай інфраструктуры ў Гомельскай вобласці фінансавалася з рэспубліканскага бюджэту, то цяпер — з мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.

Раней у Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме на 2024–2026 гады прадугледжвалася выдзяленне на будаўніцтва вайсковага гарадка амаль 400 мільёнаў рублёў, але, як відаць, планы скарэкціравалі.

У жніўні 2025 года крэмлёўскія медыя са спасылкай на камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый (ССА) Узброеных Сіл Беларусі Вадзіма Дзянісенку паведамлялі, што Беларусь пачала фармаванне новай брыгады сіл спецаперацый арміі, якая будзе базавацца ў Гомельскай вобласці, што мяжуе з Украінай.

Паводле слоў Дзянісенкі, фармаванне брыгады ўжо вядзецца ў адной з вайсковых частак Беларусі. Відавочна, мелася на ўвазе адзіная вядомая маштабная вайсковая будоўля ў Гомельскай вобласці, размешчаная каля вёскі Прыбор у Гомельскім раёне.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках