У Беларусі змянілі правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ
4- 6.01.2026, 20:45
- 6,594
Да ўвагі абітурыентаў.
У Беларусі крыху змянілі правілы паступлення ў ВНУ і ССНУ. Указ «Аб удасканаленні ўступнай кампаніі» падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Дакумент накіраваны на стварэнне роўных магчымасцяў для абітурыентаў пры паступленні ў установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўмовах справядлівага конкурснага адбору.
У краіне створана дзяржаўная камісія, якая абавязаная кантраляваць падрыхтоўку і правядзенне ўступнай кампаніі.
Старшынёй прызначана намесніца прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч. Таксама ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі «савета рэспублікі» і «палаткі», органаў дзяржаўнага кіравання і іншых арганізацый.
Указам таксама змененыя асобныя палажэнні правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ.
У прыватнасці, для паступлення ў ВНУ на завочную (дыстанцыйную) форму навучання больш не патрабуецца адпаведнасць працоўнага стажу абранаму профілю адукацыі.
Акрамя таго, у сувязі са стварэннем каледжа Міністэрства ўнутраных спраў удакладнены катэгорыі абітурыентаў, якія будуць мець льготы пры залічэнні.
Ёсць навінкі і ў экзаменах. Уводзіцца прафільнае выпрабаванне па прадмеце «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Гэтую дысцыпліну пачалі вучыць у 10–11 класах замест «Гісторыі Беларусі».