У Польшчы Зяленскі ўвайшоў у тройку найбольш папулярных замежных палітыкаў
2- 6.01.2026, 20:47
- 2,668
Тытул палітыка года-2025 палякі прысудзілі прэзідэнту ЗША.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі – сярод трох замежных палітыкаў, якіх палякі найчасцей называлі палітыкамі года.
Пра гэта сведчаць вынікі апытання CBOS, перадае Onet.
Як адзначылі сацыёлагі, выбар палітыка года сярод прадстаўнікоў міжнароднай палітычнай сцэны, як правіла, выклікае ў палякаў больш цяжкасцяў, чым вызначэнне выбітнага прадстаўніка нацыянальнай палітыкі.
«У снежні 2025 года з гэтым мелі праблемы крыху больш за дзве пятыя апытаных (41%), а яшчэ больш за чвэрць (27%) лічылі, што ніводзін з вядомых ім замежных палітыкаў не адыграў на працягу апошніх дванаццаці месяцаў настолькі значнай ролі ў міжнароднай палітыцы, каб заслужыць гэты тытул», – гаворыцца ў даследаванні. 1% рэспандэнтаў адмовіліся адказваць.
Тытул палітыка года-2025 у свеце палякі прысудзілі прэзідэнту ЗША Дональду Трампу – так лічаць 11% апытаных. На другім месцы рэйтынгу апынуўся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, якога назвалі 5% апытаных. Подыум замыкае прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон з 3% галасоў.
Астатніх палітыкаў назвалі толькі нямногія рэспандэнты. Прыблізна 1% рэспандэнтаў назвалі: кіраўніцу ЕК Урсулу фон дэр Ляйен; прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана; былога прэзідэнта ЗША Джо Байдэна; мэра Нью-Ёрка Зорана Мамдані; папу Льва XIV; віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, а таксама кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага. 4% апытаных назвалі іншыя імёны.