Трамп паабяцаў паскорыць вытворчасць зброі для саюзнікаў ЗША
2- 6.01.2026, 23:15
- 4,936
Каб паставак не чакалі гадамі.
Прэзідэнт ЗША паабяцаў, што амерыканскія абаронныя кампаніі паскораць вытворчасць зброі для саюзнікаў, каб скаротзіць шматгадовыя тэрміны паставак самалётаў і верталётаў.
Пра гэта Дональд Трамп заявіў у аўторак, 6 студзеня, на сустрэчы з кангрэсменамі ад Рэспубліканскай партыі.
Паводле слоў прэзідэнта, цяпер вытворчасць высокадакладнай зброі займае занадта шмат часу, з-за чаго саюзнікі вымушаныя чакаць гадамі. Ён прывёў прыклад знішчальнікаў F-35, для якіх тэрміны выканання занадта доўгія, а таксама заказу Індыі на 68 верталётаў Apache, які дагэтуль не выкананы.
«Ніхто не мае такой якасці, як наша зброя. Праблема толькі ў тым, што мы вырабляем яе недастаткова хутка. Мы пачнём рабіць гэта значна хутчэй. Будзем строгімі да кампаній-вытворцаў. У нас лепшая зброя ў свеце. Але на яе вытворчасць патрэбна занадта шмат часу. У тым ліку для саюзнікаў. Калі саюзнікі хочуць купіць зброю, ім даводзіцца чакаць самалёта чатыры гады і верталёта пяць гадоў. Мы не дазволім гэтаму паўтарыцца», — падкрэсліў Дональд Трамп.
Ён дадаў, што цяпер будзе строга кантраляваць абаронныя кампаніі, каб пазбегнуць затрымак у пастаўках ваеннай тэхнікі.
Новыя патрабаванні будуць прадугледжваць паскораную вытворчасць самалётаў, верталётаў і іншага ўзбраення, каб саюзнікі атрымлівалі яго своечасова.
Паводле прэзідэнта, гэтыя крокі павінны ўмацаваць абараназдольнасць саюзнікаў ЗША і павысіць хуткасць рэагавання на магчымыя пагрозы, асабліва на фоне глабальнай нестабільнасці і растучых патрэбаў у сучасным узбраенні.