Новы цырк ад Лукашэнкі
39- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 7.01.2026, 9:27
- 35,212
На гэты раз — са снегам.
Недзе на пачатку 2010-х лукашэнкаўская прапаганда пачала асвойваць новы жанр — кплівыя «сюжэты» пра мытарствы камунальных службаў заходнееўрапейскіх гарадоў у халодную пару года.
Апавяданні пра тое, як нямецкіх або літоўскіх дарожнікаў застала знянацку зіма са сваім снегам і лёдам, суправаджаліся абавязковым пафасным параўнаннем з сітуацыяй у Беларусі, дзе камунальшчыкі працуюць «як гадзіннік».
Дарэчы, менавіта тады беларускія дарогі пачалі будаваць, абслугоўваць і рамантаваць у тым ліку і за заходнія крэдыты. Але ў «сюжэтах» пра гэта, зразумела, маўчалі.
А ўжо на двары 2026 год. Паўтары тысячы мінскіх дворнікаў не спраўляюцца са снежным калапсам у сталіцы. І на вуліцу адпраўляюць вучняў і выкладчыкаў аднаго з каледжаў, а таксама старшакласнікаў з дзясятка сталічных школ.

«Нам не ўсё роўна! Гэтыя словы ў апошнія дні гучаць не як лозунг, а як самая сапраўдная справа. Іх вымаўляюць усе тыя, хто ўзяў у рукі лапату і выйшаў расчышчаць дваровыя тэрыторыі ад снегу. Не таму, што «трэба», а па закліку сэрца», — піша пра «добраахвотных» памочнікаў тэлеграм-канал мінскай ЖКГ.
У краіне бясплатных суботнікаў, вядома ж, ахвотна верыцца ў гэтае самае «па закліку сэрца». Асаблівай пераканаўчасці дадаюць «поўныя энтузіязму» твары школьнікаў, прыцягнутых да ўборкі снегу. А таксама парад ролікаў, у якіх работнікі ЖКГ розных раёнаў сталіцы як пад капірку паўтараюць не-лозунг «Нам не ўсё роўна».
Еўропа замярзае — яшчэ адзін улюбёны штамп прапаганды. На роўні з галадуючай і здзіўленай ростам цэн Польшчай і яе «калегамі» па няшчасці ў ЕС.

Скрыншот прапагандысцкага роліка тэлеканала ОНТ
Пры гэтым прапаганда ўпадае ў ступар, калі даводзіцца рабіць сюжэты пра беларусак, што мерзнуць ля станка, вымушаных насіць пад футрам па дзве кофты.
А ў жыхароў адной з вёсак Рэчыцкага раёна, якую чыноўнікі ганарліва назвалі аграгарадком, не аказалася іншага выйсця, як запісаць ролік адчаю на імя Лукашэнкі: «Мы вымерзаем, як дзікія жывёлы».
У відэа гаворыцца, што праблемы з ацяпленнем у вяскоўцаў цягнуцца не першы год, але «ніхто нічога не робіць», а скаргі наверх нібыта перахопліваюцца мясцовымі чыноўнікамі.
Але прапагандзе, відаць, куды цікавей «гісторыі» пра прыдуманых немцаў, што жывуць у холадзе і голадзе, чым лёсы рэальных людзей з-пад Рэчыцы.
Арцём Сініцын, «Салідарнасць»