Лукашэнка зноў прызначыў свайму сыну прэстыжную стыпендыю
33- 7.01.2026, 10:44
- 20,292
За гэта заплацяць падаткаплацельшчыкі.
З рэзервовага фонду Аляксандра Лукашэнкі выдзеляць 1 млн 34 тыс. рублёў на «сацыяльную падтрымку адораных вучняў і студэнтаў», паведамляе «Зеркало». Сярод іх значыцца малодшы сын дыктатара Мікалай, як вынікае са спецыяльнага распараджэння.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб выдзяленні больш за 1 млн рублёў на сацпадтрымку 194 «адораных студэнтаў ВНУ».
У спісе значыцца Мікалай Лукашэнка — ён будзе атрымліваць дадатковую стыпендыю ў памеры 251,99 як адораны студэнт 4-га курса БДУ.
Акрамя гэтага спецыяльныя прэміі выплацяць 38 пераможцам міжнародных алімпіяд і конкурсаў, а таксама асаблівыя заахвочванні атрымаюць 320 вучняў, курсантаў і студэнтаў.
Рэзервовы фонд Аляксандра Лукашэнкі фарміруецца за кошт бюджэтных сродкаў.
Нагадаем, летам 2022 года стала вядома, што Мікалай Лукашэнка паступіў на біёфак БДУ. Афіцыйна гэтая інфармацыя нідзе не пацвярджалася. У спісах на залічэнне яго таксама не было. Але, як распавядалі «Зеркалу» чытачы, на біялагічным факультэце сабралі асобную групу «таленавітых выпускнікоў», куды і ўвайшоў самы вядомы абітурыент-2022.