Прадстаўлены самы ўмяшчальны мінівэн у свеце
4- 7.01.2026, 19:28
- 7,280
Galaxy V900 ужо трапіў у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Новы Geely Galaxy V900 паступае ў продаж. Электрыфікаваны мінівэн ужо паспеў трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Кошт Geely Galaxy V900 ў Кітаі складае ад 319 800 да 389 800 юаняў ($45 700 — 55 700). Пра гэта паведамляе сайт CarNewsChina.
Мінівэн Geely Galaxy V900 — плагін-гібрыдная версія электрычнага LEVC L380. Мадэль распрацавалі спецыялісты, якія займаюцца выпускам знакамітых лонданскіх таксі, бо канцэрн Geely ў свой час набыў гэтага вытворцу.

Новы Geely Galaxy V900 афіцыйна прызналі самым умяшчальным легкавым аўтамабілем у свеце. У яго салоне змясціліся 42 танцоркі з кітайскага ансамбля, што было зафіксавана прадстаўнікамі Кнігі рэкордаў Гінеса.
Звычайна ж 5,3-метровы мінівэн разлічаны на 6, 7 або 8 чалавек. Аб'ём багажніка з двума радамі сядзенняў складае 1000 л.

Камплектацыя Geely Galaxy V900 даволі багатая: у скураным салоне ўсталявана пяць дысплеяў, а крэслы першага і другога шэрага маюць электрапрывад, падагрэў, вентыляцыю і масаж.

Таксама ёсць 11 падушак бяспекі, панарамны дах, праекцыя на лабавое шкло, халадзільнік, акустыка з 27 дынамікамі, паркавальны аўтапілот і сістэма паўаўтаномнага руху. Топавая версія атрымала дэкор, пакрыты 24-каратным золатам.

Новы Geely Galaxy V900 абсталяваны 1,5-літровым бензінавым турбарухавіком і парай электрарухавікоў, якія сумарна развіваюць 456 к. с. і 523 Н·м. На выбар прапануюць батарэі ёмістасцю 43,3 і 50 кВт·г: запас ходу ў электрычным рэжыме складае 220 і 260 км, адпаведна. У цэлым на бензіне і электрычнай цязе мінівэн здольны праехаць 1180–1220 км.
