У Беларусі пад ахову дзяржавы ўзялі помнік першай нафце
4- 7.01.2026, 19:45
- 3,940
Савецкую стэлу ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Міністэрства культуры прыняло рашэнне ўключыць савецкую стэлу з мазаічным панно «Першаадкрывальнікам беларускай нафты» ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Пра гэта паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме.
Мемарыяльны комплекс знаходзіцца ў Рэчыцкім раёне, на 65‑м кіламетры трасы Гомель — Калінкавічы. Яго адкрылі ў 1968 годзе. Побач са стэлай таксама ўсталяваны памятны знак у гонар здабычы 100‑мільённай тоны нафты, якую атрымалі ў 1998 годзе.

Месца для помніка выбрана не выпадкова — ён стаіць непадалёк ад свідравіны №8. Менавіта тут 20 жніўня 1964 года быў атрыманы першы нафтавы фантан з сутачным прытокам 126 кубаметраў, што даказала наяўнасць радовішчаў.
Аднак на самой стэле зафіксавана іншая дата — 17 кастрычніка 1964 года. У гэты дзень на суседняй свідравіне №6 атрымалі першы прамысловы прыток «чорнага золата» (600 тон у суткі), што лічыцца афіцыйным пачаткам беларускай нафтаздабычы.

Прыкметна, што знакавая свідравіна №6 эксплуатуецца дагэтуль, ужо больш як 60 гадоў. За ўвесь час з яе дабылі 1 мільён 100 тон сыравіны.
Сёння стэла з’яўляецца пунктам на так званым «нафтавым маршруце», якім, як пішуць мясцовыя старонкі, «штогод праходзяць тысячы турыстаў».