8 студзеня 2026, Чацвер, 22:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На свабоду выйшаў блогер Павал Спірын

4
На свабоду выйшаў блогер Павал Спірын

Ён правёў у зняволенні больш за пяць гадоў.

Стала вядома пра вызваленне 42‑гадовага палітычнага блогера Паўла Спірына, перадае «Наша Ніва».

Павал — юрыст па адукацыі. Калісьці працаваў у дзяржаўным камунальным прадпрыемстве, але яго звольнілі з працы, калі ён узяў удзел у парламенцкіх выбарах. Пасля гэтага Спірын вырашыў заняцца YouTube. Яго палітычныя відэа збіралі сотні тысяч праглядаў.

У 2020 годзе блогер спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты, але яго ініцыятыўную групу не зарэгістравалі. Тады ён стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай.

Спірын быў арыштаваны ў верасні 2020 года. Яму прысудзілі 4,5 года калоніі за «распальванне варожасці» ў адносінах да беларускіх уладаў за два фільмы на YouTube — пра наркабізнэс і пра тагачаснага генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Цяпер гэтыя відэа выдаленыя з YouTube.

Блогер адбываў пакаранне ў калоніі ў Бабруйску. Перад запланаваным вызваленнем на яго завялі новую крымінальную справу за «няпадпарадкаванне адміністрацыі». Спірыну прысудзілі яшчэ год зняволення і адправілі ў калонію ў Горках, дзе яго ўтрымлівалі разам з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім.

Па заканчэнні дадатковага гадавога пакарання Спірына вызвалілі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках