8 студзеня 2026, Чацвер, 22:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін адзначыў Раство на сакрэтнай вайсковай базе

20
Пуцін адзначыў Раство на сакрэтнай вайсковай базе

У атачэнні грушнікаў.

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін адзначыў Раство ў царкве Георгія Перамаганосца на тэрыторыі вайсковай часці ГРУ РФ у Падмаскоўі.

Пра гэта паведаміла расійскае выданне «Агенцтва.Навіны».

Выданне адзначыла, што, у адрозненне ад папярэдніх гадоў, гэтым разам у Крамлі не сталі называць канкрэтную царкву, у якой прысутнічаў расійскі дыктатар. Прычыну гэтага ў Крамлі не патлумачылі.

Выданне зрабіла выснову, што Пуцін адзначаў Раство ў Солнечнагорску ў Храме вялікамучаніка Георгія Перамаганосца на тэрыторыі Цэнтра спецыяльнага прызначэння «Сенеж» (вайсковая часць 92154).

Паводле ягоных дадзеных, службу, на якой прысутнічаў расійскі дыктатар, вёў пратайерэй Дыянісій — настаяцель храма Міхаіла-Арханёла ў Солнечнагорску — да яго прыпісаны храм Георгія Перамаганосца.

Найбліжэй да Пуціна стаяў камандзір вайсковай часці Аляксей Галкін.

«Восенню 2002-га года яго разведгрупа, як паведамляе праект «Героі краіны», захапіла дакументы, што сведчылі пра датычнасць міжнароднага тэрарызму да чачэнскай вайны. Дакументы ён перадаў Пуціну, за што і атрымаў званне Героя», — гаворыцца ў публікацыі.

Выданне мяркуе, што яшчэ адзін грушнік, які быў побач з дыктатарам, — палкоўнік Андрэй Папоў, з'яўляецца вайскоўцам часці, на тэрыторыі якой праходзіла калядная служба.

Трэці грушнік, які знаходзіўся побач з Пуціным, ідэнтыфікаваны «Агенцтвам» як палкоўнік Канстанцін Маслянко.

«Паводле ўцечак, у 2017 годзе ён працаваў у вайсковай часці 45807 (таксама ГРУ). СБУ называла яго чалавекам, які планаваў тэракт у цэнтры Кіева ў 2014 годзе і арганізаваў выбух на блок-пасту ЗСУ паблізу Луганска ў 2015 годзе. Украінскае выданне Zmina.info пісала, што Маслянко дзейнічаў пад кіраўніцтвам камандуючага сіламі спецаперацый РФ Валерыя Флюсцікава і экс-ахоўніка Пуціна Аляксея Дзюміна», — гаворыцца ў артыкуле.

Пасля каляднай службы Пуцін звярнуўся да прысутных, заявіўшы, што «воіны Расіі заўсёды, быццам па даручэнні Гаспада, выконваюць гэтую самую місію — абароны Айчыны і яе людзей, выратавання Радзімы і яе людзей».

Да гэтага ў навагоднім звароце Пуцін зноў апраўдваў паўнамаштабную агрэсію супраць Украіны, агітаваў насельніцтва да ўдзелу ў вайне і заявіў пра ўпэўненасць у гэтак званай «перамозе».

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках