9 студзеня 2026, Пятніца, 7:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія жанчыны «размазалі» Лукашэнку

22
Беларускія жанчыны «размазалі» Лукашэнку

Учынкі гучаць мацней за любыя словы.

2026 год у Беларусі абвешчаны «Годам беларускай жанчыны» — менавіта гэтаму прысвечаны чарговы ўказ №1. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі патлумачыла, што дакумент прыняты «з мэтай фармавання нацыянальнага вобразу жанчыны-працаўніцы, папулярызацыі ролі жанчын у захаванні і развіцці грамадства». І ўжо адрапартавала, маўляў, у сацсетках з гэтай нагоды небывалае лікаванне, радасць за беларусак і «мора добрых слоў на адрас нашай краіны» і асабіста кіраўніка.

«Салідарнасць» спытала ў саміх беларусак унутры краіны, што яны думаюць на гэты конт, ці чакаюць значных вынікаў ад «Года беларускай жанчыны» і якія мерапрыемствы параілі б правесці чыноўнікам. Імёны ўсіх суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.

«Пазаўлетні быў годам якасці. І што?»

— Чаго я чакаю ад Года жанчыны? У найлепшым выпадку — нічога, — кажа Паліна, жыхарка аднаго з райцэнтраў на Берасцейшчыне. — Патлумачу, чаму так. Давайце ўспомнім лозунгі апошніх некалькіх гадоў і чым усё скончылася.

Пазаўлетні, 2024-ы, быў Годам якасці. Нічога звышякаснага айчынныя вытворцы не стварылі (мы ж не будзем лічыць украдзеныя мадэлі «беларускіх» сякер дасягненнем?).

У 2025-м, годзе добраўпарадкавання, правялі два рэспубліканскія суботнікі замест аднаго — уся краіна бачыла гэтую паказуху. А чаго дабіліся? Толькі грошы двойчы знялі і бюджэтнікаў адправілі «наводзіць парадак» на сельгаспрадпрыемствах. Сумна прамаўчым пра 2023-і «год міру і стварэння» і «год народнага адзінства» пяць гадоў таму.

Лепшае, што можа здарыцца ў гэтым годзе, — калі чыноўнікі, асабліва на месцах, зноў усё зробяць «для галачкі».

Понавешаюць пафасных білбордаў, выберуць «жанчын года» ў розных галінах, чарговы раз раскажуць, як «дзяржава прадастаўляе ўсе магчымасці» беларускам для прафесійнай самарэалізацыі, догляду за дзецьмі і клопату пра сям’ю. У гэтым сэнсе, як сумна жартуюць у сацсетках, сімвалічна супалі Год Каня і «Год беларускай жанчыны»…

Аднак, на думку Паліны, асноўныя намаганні ўладаў будуць скіраваныя на дэмаграфію з заклікамі да жанчын нараджаць больш.

— І вось тут яны могуць «разгарнуцца» ў благім сэнсе. Дазволіць царкоўнікам чытаць лекцыі пра «традыцыйныя каштоўнасці» ў школах і ВНУ, абвясціць не тыдзень, а месяц без абортаў, выстаўляць бяздзетных жанчын эгаісткамі і «непрапатрыёткамі», заплюшчваць вочы на хатні гвалт — абы «дзеці раслі ў сям’і». Я, вядома, утрырую, але вельмі пабойваюся такога сцэнару.

І калі мэта будзе менавіта ў гэтым, то вялікая колькасць беларускіх жанчын, якім сапраўды патрэбныя дапамога і падтрымка, — ахвяры мужоў і партнёраў-агрэсараў, адзінокія маці, мамы дзяцей з інваліднасцю, пажылыя адзінокія жанчыны (а іх нямала, бо ў нас жанчыны жывуць куды даўжэй за мужчын), — застануцца незаўважанымі.

Рэзкага ўздыму нараджальнасці, як мы разумеем, усё адно не адбудзецца, бо Беларусь не стане імгненна дабрабытнай Швейцарыяй. А Год маці і Год дзіцяці ў нас ужо былі амаль 20 гадоў таму — і што, моцна гэта дапамагло дэмаграфіі?

«Нібыта табе абяцалі вялікі сюрпрыз, а падарылі патэльню»

— Ад самай назвы ў мяне дваістыя пачуцці, — дзеліцца думкамі віцеблянка Юля, — можа, і хацелі як лепш, а атрымалася як заўжды.

Нібыта іншыя праблемы мы ўжо вырашылі, дайшла чарга і да жанчын. А ў папярэднія трыццаць гадоў, атрымліваецца, справы да нас не было? Тады чаго дзівіцца, што нараджальнасць падае, а колькасць разводаў расце?

Гэта нібыта табе доўга абяцалі вялікі сюрпрыз на дзень нараджэння, а падарылі… патэльню. Здаецца, для карысці, для дому і сям’і, але не асабіста для цябе, без кроплі павагі і клопату. І яшчэ потым увесь год будуць згадваць, які класны падарунак табе зрабілі, «а Вадзім сваёй толькі букецік прынёс».

Урэшце, і «Год беларускіх мужчын» гучаў бы не лепш. Бо падтэкст той самы: раней нам было не да мужчын, а вось цяпер рукі дайшлі.

Не ведаю, можа, варта было пагуляць са словамі, падабраць іншую фармулёўку, скажам, «год асаблівага клопату». Інакш непрыемненька, мякка кажучы.

Калі расшыфраваць афіцыйнае абгрунтаванне на нармальнай мове, дык гэта прамае ўказанне: «жанчыны», вы працуйце, нараджайце, цярпіце — не разводзьцеся і не лезьце ў палітыку.

Горш было б толькі «Год дэмаграфічнай бяспекі» або нешта ў гэтым родзе. Маўляў, трымайцеся там, не пагаршайце нам паказчыкі.

А паколькі назва няўдалая, то і на напаўненне ў мяне асаблівых надзей няма. Што такое нашы ўлады могуць зрабіць для жанчын, калі грошай хапае толькі на дэпутатаў і сілавікоў?

Прыняць нарэшце закон аб хатнім гвалце? Не веру.

Зменшыць пенсійны ўзрост? За чый кошт? Хутчэй ураўняюць жаночы і мужчынскі, прыгаворваючы: «жанчыны і жывуць даўжэй, мы ў вас верым, вы справіцеся».

Можа, залічыць «дэкрэтныя» гады ў страхавы стаж? Не смешыце мае тапкі, на думку чыноўнікаў, гэта для жанчыны «адпачынак».

Хоць рэальныя дзеянні таксама маглі б быць. Напрыклад, не разважаць пафасна пра «бясплатную медыцыну», а зрабіць для ўсіх беларусак тры бясплатныя УЗІ ў паліклініках — малочных залоз, органаў малога таза і, скажам, шчытападобнай залозы. Гэта была б эфектыўная прафілактыка.

Ці адрасная, зусім канкрэтная падтрымка. Не ўсіх шматдзетных мам увогуле, каб не плодзіць утрыманскія настроі і рост варожасці беларусаў адно да аднаго, а тым, каму яна сапраўды патрэбная, і так, каб гэта пайшло на карысць.

Агулам, усё гэта трэба было пачынаць шмат гадоў таму і не абмяжоўваць адным годам — магчыма, тады быў бы іншы вынік. А цяпер усе абяцанні і лозунгі нашай дзяржавы — фанцікі, за якімі нават цукеркі няма.

«Сучасным жанчынам патрэбныя не рэкламныя лозунгі і фальшывыя прамоцыі»

— Я пакуль не вельмі разумею, што ўлады ўкладаюць у назву «Год беларускай жанчыны», — недаўменна кажа мінчанка Аліна, — ды яны, падаецца, і самі яшчэ не зразумелі, калі ўраду толькі «даручана распрацаваць» план мерапрыемстваў на ўвесь год.

А калі судзіць з першага ўражання — будзе шмат сексізму. Асабіста я гэта пачула як тое, што жанчын будуць фальшыва ўзвышаць: «упрыгажэнне нашага калектыву/народа», «слабы пол» і «лепшая палова чалавецтва», рабіць упор на рэпрадуктыўную функцыю і гэтак далей.

І тым самым — фактычна зноў будуць прыніжаць цудоўных, моцных, разумных, прадпрымальных беларускіх жанчын. А рэальныя праблемы не будуць вырашацца — напрыклад, поўны сексізм у працоўных пытаннях: разрыў у зарплаце, меншая колькасць жанчын-кіраўніц і паўсюдныя адмовы ў працы ў сувязі з рэальнымі або ўяўнымі дзецьмі (усім нам вядомае «ёсць дзеці — будзе бясконца на бальнічным, няма дзяцей — хутка заведзе і сыдзе ў дэкрэт і г. д.»).

Можа, для кагосьці гэта сюрпрыз, але сучасным жанчынам патрэбныя не рэкламныя лозунгі і фальшывыя прамоцыі, а каб ім не перашкаджалі ісці выбраным шляхам, годна плацілі і годна дапамагалі ў выпадках, калі яны ў гэтым маюць патрэбу.

І не ў межах нейкай абмежаванай у часе акцыі — о, паглядзіце, у нас ёсць жанчыны! — а штодня і кругласутачна.

Бо гучныя словы (у тым ліку заклікі «нараджайце, трэці — мой») мы чуем не тое што гады — дзесяцігоддзі. Што там — я сама пад іх вырасла. І словы, «абяцанкі-цацанкі», самі па сабе даўно не прыцягваюць.

Хочаце ўзвесці на п’едэстал жанчыну-працаўніцу? Калі ласка. Толькі прадставеце канкрэтны план па ўсіх напрамках: я як беларуская жанчына хачу ведаць, што для мяне зробяць, куды я магу звярнуцца.

А калі яснага плана няма — проста адчапіцеся ад жанчын, калі ласка.

«Год пустых абяцанняў»

— Калі шчыра, я ад беларускіх уладаў не чакаю ўжо нічога добрага — ні для сябе, ні для сваёй жонкі, маці ці дачок, ні для ўсіх беларускіх жанчын разам ці паасобку, — разважае мінчук Пятрусь.

Ён перакананы, што кіраўнік РБ сам захоўвае глыбока савецкую ментальнасць і ўсёй краіне яе навязвае, таму «якія б заклікі ні гучалі, па сутнасці гэта зноў будзе год пустых абяцанняў».

— Я веру ў тое, што цягам года з’явяцца так званыя «хіты», прагучаць канцэрты, адкрыюцца мастацкія выставы ў гонар жанчын. Што ўвядуць у школах новыя (а можа, вернуць старыя) факультатывы пра «этыку і псіхалогію сямейнага жыцця» з навязваннем традыцыйна «правільных» гендэрных роляў.

Мяркую, што ў медыя больш увагі стануць надаваць так званым «жаночым» прафесіям, дасягненням беларускіх дзяўчат і жанчын-спартовак, вучоных, прадпрымальніц, медыкаў, выкладчыц, артыстак.

Нават, можа быць, што чыноўнікі ў TikTok запусцяць вялікую хвалю ролікаў, як беларусы-мужчыны дапамагаюць жанчынам штодня ў хатніх клопатах. Але кардынальна — не зменіцца нічога.

Яны не ўмеюць у стратэгічнае мысленне, яны павернутыя ў мінулае і на мінулым, а з планаваннем будучыні там зусім дрэнна.

Што да шырока раздзьмутай бурбалкі пра найлепшую ў свеце сацыяльную падтрымку з боку дзяржавы, дык нашыя дзеячы нагадваюць мне такога гора-памочніка, які за што ні возьмецца — абавязкова або давядзе да абсурду, або проста сапсуе. То лепш бы наогул не рабіў, сядзеў ціхенька. Ды павучыўся ў тых жа жанчын і дзяўчат шматзадачнасці.

Наогул выкажу не надта свежую, але ўсё больш актуальную з кожным годам думку: гэтаму свету патрэбны не год, а шмат «жаночых» дзесяцігоддзяў. Эра жанчын, калі ласка. Бо ўсе канфлікты ў свеце адбываюцца з-за непамерна раздзьмутых мужчынскіх эга кіраўнікоў тых ці іншых дзяржаў.

Я б на нейкі час забараніў мужчынам, якія загуляліся ў альфачоў, балатавацца на кіраўніцтва ва ўсіх краінах свету, — каб ён трошку супакоіўся, прыйшоў да раўнавагі. Такая думка-антыўтопія пад шампанскае.

«Учынкі гучаць мацней за любыя словы»

— Гады ідуць, а пафасныя лозунгі не мяняюцца, — сумна смяецца пенсіянерка Валянціна Ігараўна. — Дасталі ўжо гучныя словы то пра адзінства, то пра мір і стварэнне, то пра малую радзіму, то пра прадпрымальнасць, то пра ашчаднасць. Таму ад чарговага «года новай пяцігодкі» я ніякіх здзяйсненняў і рэальных зменаў да лепшага не чакаю.

Ды і як гэта ўспрымаць, калі Год жанчын абвяшчае чалавек, які нават сваіх жанчын — ні маці старэйшых дзяцей, ні маці малодшага — адкрыта не паважае і не адводзіць ім нават дэкаратыўнай ролі ў публічнай прасторы? Учынкі гучаць мацней за любыя словы.

А калі так ставіцца да блізкіх жанчын, зразумела, у якім месцы і ў якіх белых тапках ён бачыў нас, «звычайных беларусак».

І тым больш нас — пенсіянеркі, якія валавы прадукт не ствараюць, дэмаграфію нічым не паляпшаюць, з тавараў беларускіх вытворцаў выбіраюць што таннейшае, у патрыятычных клубах не маршуюць — проста ціхенька жывуць сабе…

Каб не было вайны — астатняе дробязь. Дык што асабіста я не замарочваюся планамі партыі і ўраду. Падтрымліваю сваіх сяброў і суседзяў, чым магу, дапамагаю дзецям і ўнукам, кнігі чытаю, капусту квашу і радуюся за іншых, калі здараюцца добрыя падзеі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках