У пустыні Егіпта выявілі вялізныя загадкавыя іерогліфы
1- 8.01.2026, 10:59
- 6,930
Навукоўцы звязалі іх з космасам.
Археолагі выявілі велізарную лінію старажытных іерогліфаў, высечаных у скале паблізу паселішча Эль-Хаві на поўдні Егіпта.
Гэта найстаражытнейшая з калі-небудзь знойдзеных буйных ліній старажытных сімвалаў і, падаецца, яны нясуць пасланне пра царскую ўладу і Сусвет, піша Daily Galaxy. Гэтым надпісам больш за 5000 гадоў, і яны былі прызначаныя для таго, каб іх бачылі. Размешчаныя ўздоўж маршруту, які злучаў раннія егіпецкія гарады, сімвалы былі вялікімі, кідкімі, і іх немагчыма было не заўважыць.
Паводле слоў даследчыкаў Ельскага ўніверсітэта і Каралеўскіх музеяў мастацтва і гісторыі ў Бруселі, яны даюць нам рэдкую магчымасць убачыць, як першыя егіпецкія пісцы звязвалі правіцеляў з касмічным парадкам.
Што адлюстроўваюць іерогліфы
На рэзьбяных выявах высечаныя 4 асноўныя сімвалы: галава быка на шосте і тры птушкі — два буслы, звернутыя адзін ад аднаго, і лысы ібіс паміж імі.

Як распавёў археолаг з Ельскага ўніверсітэта Джон Дарнел, гэтыя сімвалы былі велізарнымі, каля 70 см у вышыню, і высечаныя ў скале, а таксама вылучаліся яскравым колерам на фоне больш цёмнага каменя вакол іх.
«Гэта нядаўна адкрытае месца наскальнага жывапісу ў Эль-Хаві захоўвае адны з самых ранніх — і самых вялікіх — знакаў, што адносяцца да пачатковых этапаў фармавання іерогліфічнага пісьма, і дае сведчанні таго, як старажытныя егіпцяне вынайшлі сваю ўнікальную сістэму пісьма», — сказаў ён.

Дарнел патлумачыў, што галава быка ўказвае на царскую ўладу, а тры птушкі звязаныя з сонечным цыклам. Гэтыя іерогліфы маглі сімвалізаваць ролю цара ў падтрымліванні балансу ў Сусвеце.
Каб надпіс было відаць
Што ўражвае ў гэтай велізарнай лініі іерогліфаў, дык гэта яе публічнасць. Месца, дзе яна была высечаная, знаходзілася ўздоўж ажыўленага маршруту. То-бок пасланне бачылі людзі, якія перамяшчаліся між такімі гарадамі, як Элькаб, і, хутчэй за ўсё, маглі зразумець прынамсі яго частку.
Такі від публічнай камунікацыі паказвае, што нават на тым раннім этапе егіпецкія цары ўжо выкарыстоўвалі візуальныя сродкі для дэманстрацыі ўлады і яе сувязі з космасам.
Маштаб адкрыцця «абсалютна ашаламіў» каманду, бо як самі выявы, так і асобныя сімвалы аказаліся значна большымі, чым чакалася.
Што яшчэ знайшлі навукоўцы
Побач з іерогліфамі каманда выявіла яшчэ нешта: выяву слана, унутры якога быў намаляваны іншы, меншы слан. Магчыма, гэта гучыць не надта ўражліва, але так і ёсць. Паводле слоў Дарнела, гэта надзвычай рэдкі спосаб адлюстравання цяжарнай жывёлы ў старажытнаегіпецкім мастацтве. Рэзьба датуецца яшчэ больш раннім перыядам, чым лінія вялікіх іерогліфаў, — паміж 4000 і 3500 гадамі да н. э.
Выданне адзначыла, што навуцы вядома толькі некалькі іншых падобных выпадкаў. Адзін з іх — ваза, знойдзеная ў Абідосе, на якой адлюстраваная цяжарная самка бегемота. Падобныя малюнкі сведчаць пра тое, што людзі, якія іх стваралі, пачыналі распавядаць гісторыі, паказваць жыццё яшчэ да таго, як пісьменнасць цалкам сфармавалася.