Навукоўцы суаднеслі розныя тыпы прадпрымальнікаў з чараўнікамі з Гогвартса
2- 8.01.2026, 11:50
- 1,760
Незвычайны аналіз.
Ці ведалі вы, што прадпрымальны юны чараўнік з Грыфіндора істотна адрозніваецца ад «правільных» бізнесменаў з Рэйвенкло? Міжнародная група навукоўцаў выявіла, што рысы характару, якія суадносяцца з адным з факультэтаў з сусвету кніг пра Гары Потэра, дапамагаюць вызначыць, ці справіцца чалавек з развіццём сваёй справы, піша «Нож».
Даследчыкі з Нідэрландаў, Швейцарыі, Канады і Францыі захацелі апісаць асабістасныя характарыстыкі патэнцыйна паспяховых прадпрымальнікаў. За аснову яны ўзялі вядомыя мільёнам людзей факультэты Гогвартса: Грыфіндор, Слізэрын, Рэйвенкло і Хафлпаф.
Спачатку каманда прааналізавала даныя «Віктарыны пра Гары Потэра», праведзенай разам з рэдакцыяй часопіса TIME. Спецыялісты распрацавалі алгарытм, які размеркаваў амаль 800 тыс. амерыканцаў па факультэтах школы чараўніцтва і ведзьмарства на падставе вынікаў апытальнікаў.
На наступным этапе навукоўцы супаставілі «аўтапартрэты» ўдзельнікаў з раёнамі гарадоў, у якіх яны жывуць. Выкарыстоўваючы даныя Бюро перапісу насельніцтва ЗША, даследчыкі высветлілі, колькі стартапаў было запушчана ў месцах пражывання гэтых людзей.
Каманда прыйшла да высновы, што ў раёнах, дзе пражывае больш «грыфіндорцаў» і «слізэрынцаў», узнікала больш новых прадпрымальніцкіх ініцыятыў. Паводле слоў навукоўцаў, гэта заканамернасць захоўвалася нават з улікам папраўкі на ВУП і шчыльнасць насельніцтва.
«Гэтыя асацыяцыі дазваляюць выказаць здагадку, што прадпрымальніцтву могуць спадарожнічаць як прасацыяльныя (смелыя і справядлівыя), так і стратэгічныя (амбіцыйныя і разліковыя) формы дэвіятыўных паводзінаў, — зрабілі выснову даследчыкі. — Асноўная выснова гэтага даследавання ў тым, што навучанне прадпрымальніцтву, палітыка і практыка ў гэтай сферы могуць быць узбагачаныя дзякуючы прызнанню разнастайнасці прадпрымальніцкіх характараў і іх розных дэвіятыўных праяваў».