Навукоўцы выявілі золата ўнутры ялін
5- 8.01.2026, 12:19
- 9,028
Новы Кландайк.
У глыбіні паўночных лясоў Фінляндыі навукоўцы з мясцовага Універсітэта Оулу і дзяржаўнай геалагічнай службы выявілі ўнутры ігліцы нарвежскай яліны мікраскапічныя крупінкі золата, піша «Еўрапульс».
Як гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Environmental Microbiome, бактэрыі, што жывуць унутры тканак дрэва, утвараюць залатыя наначасціцы — настолькі дробныя, што іх можна ўбачыць толькі з дапамогай электроннага мікраскопа.
Група навукоўцаў вывучыла 138 узораў ігліцы з 23 дрэў, што растуць над вядомым радовішчам золата. У чатырох з іх яны выявілі часціцы золата ў расліннай тканіне, акружаныя бактэрыяльнымі біёплёнкамі — ахоўным пакрыццём, якое мікраарганізмы выкарыстоўваюць для выжывання ўнутры раслін.
«Залатаносных дрэў» не існуе, папярэджваюць даследчыкі тых, хто вырашыў, што гэтае адкрыццё — новы Кландайк. Колькасць металу, які змяшчаецца ў ялінах, мізэрна малая: яго не відаць няўзброеным вокам, і здабываць яго нявыгадна.
Затое навукоўцы разглядаюць гэтае адкрыццё як крок да больш экалагічнай разведкі карысных выкапняў. Выяўляць новыя радовішчы можна будзе, усяго толькі вывучыўшы ігліцу, а не бурыць свідравіны і не рыць кар’еры. Расліны і мікраарганізмы будуць выступаць у ролі індыкатараў таго, што знаходзіцца пад зямлёй.
Даследчыкі не выключаюць, што такія ж залатыя наначасціцы могуць утрымлівацца ў імхах і іншых раслінах.