Уладальнікам захопленага амерыканцамі танкера Marinera аказаўся бізнесмен з акупаванага Крыму
4- 8.01.2026, 13:13
- 11,008
Яго кампанія была зарэгістраваная ў Разані ўсяго паўгода таму.
Захоплены Еўрапейскім камандаваннем Узброеных сіл ЗША нафтавы танкер Marinera (папярэдняя назва — Bella 1) належыць расійскай кампаніі «Буревестмарин». Яе дырэктар і адзіны ўладальнік — прадпрымальнік з анексаванага Крыму Ілля Бугай, вынікае з даных Глабальнай інтэграванай сістэмы суднаходнай інфармацыі Міжнароднай марской арганізацыі (ІМО) і ЕГРЮЛ, з якімі азнаёмілася «Новая газета Еўропа».
Яго кампанія была зарэгістраваная ў Разані ўсяго паўгода таму. Праўда, падаецца, што яна сапраўды вяла дзейнасць у сферы марскіх перавозак. На сайтах па пошуку працы можна знайсці некалькі размешчаных у 2025 годзе вакансій кампаніі, звязаных з судаходствам.
З 2018 года Бугай таксама займае пасаду гендырэктара ў кампаніі «Руснефтехимторг», якая займаецца гандлем нафтапрадуктамі. У 2020 годзе кампанія зарабіла 4 млрд рублёў, потым выручка моцна скарацілася, і ў 2024 годзе (апошнія даступныя даныя) кампанія атрымала страты.
Згодна з інфармацыяй з яго сацсетак, у 2008 годзе Бугай скончыў Крымскі федэральны ўніверсітэт, а цяпер жыве ў Маскве.
Захоп Marinera
7 студзеня Еўрапейскае камандаванне Узброеных сіл ЗША абвясціла пра захоп нафтавага танкера на поўначы Атлантычнага акіяну, непадалёк ад узбярэжжа Ісландыі. Пагоня за суднам пачалася яшчэ ў снежні 2025 года, калі танкер спрабаваў наблізіцца да ўзбярэжжа Венесуэлы. Тады судна ішло пад сцягам Гаяны (у базе ІМО ён пазначаны як «ілжывы») і насіла назву Bella 1.
Праз некалькі дзён ужо ў працэсе пагоні судна змяніла сцяг на расійскі, а назву — на Marinera. Паводле звестак Reuters, у момант захопу танкер суправаджала расійская вайсковая падводная лодка.
Расія спрабавала абараніць Marinera і па дыпламатычных каналах, але гэта поспеху не прынесла.
У Белым доме заявілі, што Marinera ўваходзіць у «ценявы флот» Венесуэлы і займаецца транспартаваннем нафты ў абыход амерыканскіх санкцый. Судна было арыштавана на падставе ордэра, выдадзенага амерыканскім судом. Экіпаж Marinera, паводле слоў прэс-сакратаркі Белага дома Кэролайн Лівітт, «пры неабходнасці» будзе дастаўлены ў ЗША для правядзення судовага працэсу.
Прэцэдэнт у міжнародным праве
Відаць, тое, што ў афіцыйных заявах амерыканскія вайскоўцы і чыноўнікі называюць карабель Bella 1, не выкарыстоўваючы яго новую назву, тлумачыцца тым, што ўлады ЗША не прызнаюць перарэгістрацыю судна ў расійскай юрысдыкцыі, здзейсненую пасля пачатку пагоні. Пра тое, што ЗША лічаць Marinera суднам без дзяржаўнай прыналежнасці, заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэролайн Лівітт.
Канвенцыя ААН па марскім праве забараняе змену сцяга судна падчас плавання, але пры гэтым агаворваецца, што такое права захоўваецца, калі судна насамрэч змяняе ўласніка або рэгістрацыю. На карысць факта змены рэгістрацыі можа сведчыць тое, што судна з’явілася ў Расійскім марскім рэгістры судаходства і змяніла свой сцяг на расійскі (не пазначаны як ілжывы) у базе Міжнароднай марской арганізацыі (ІМО).
Канвенцыя таксама прадугледжвае права «пераследавання па гарачых слядах», згодна з якім ваенныя караблі могуць пачаць пераследаваць судна-парушальніка ў сваіх тэрытарыяльных водах і працягваць яго ў нейтральных водах. Аднак, судзячы па вядомых даных, пераслед Marinera пачаўся ў нейтральных водах.
Выданне The Conversation адзначае, што правамернасць змены сцяга падчас пагоні, якая пачалася ў нейтральных водах, — гэта новы прэцэдэнт у міжнародным марскім праве.
«Ценявы флот»
Bella 1 з чэрвеня 2024 года знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за перавозку грузу ў інтарэсах ліванскай ісламісцкай групоўкі «Хезбала». На момант унясення ў санкцыйны спіс, паводле даных Міністэрства юстыцыі ЗША, Bella 1 належала панамскай кампаніі Louis Marine Shipholding Enterprises S.A. Гэта кампанія, у сваю чаргу, раней трапіла пад амерыканскія санкцыі за супрацоўніцтва з Сіламі «Кудс» — ваенізаваным крылом Іранскага корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Паводле сервісу адсочвання перамяшчэнняў нафтавых танкераў TankerTrackers, судна мае даўнюю гісторыю перавозак іранскай нафты. За апошнія чатыры гады яно перавезла прынамсі 7,3 млн барэляў іранскай і 3,7 млн барэляў венесуэльскай нафты ў Кітай.
Услед за Marinera стала вядома пра захоп амерыканскімі вайсковымі яшчэ аднаго нафтавага танкера, звязанага з Расіяй. 7 студзеня Паўднёвае камандаванне Узброеных сіл ЗША абвясціла пра захоп судна Sophia ў міжнародных водах у Карыбскім моры. Судзячы па ўсім, у паведамленні Узброеных сіл ЗША ідзе пра танкер M Sophia, які трапіў пад амерыканскія санкцыі ў кастрычніку 2025 года за ўдзел у аперацыях расійскага «ценявага флоту». Згодна з заявай Мінфіна ЗША, уладальнік M Sophia — гонконгская кампанія Sunne Co Limited. Гэта кампанія, якая належала грамадзяніну Кітая Сунь Фухаю, была ліквідаваная ў ліпені 2025 года, у чым пераканалася «Новая газета Еўропа», звярнуўшыся да гонкангскага рэестра юрасоб. Паводле базы ІМО, M Sophia з 2021 года належыць зарэгістраванай на Маршалавых астравах кампаніі Maisie Ltd з адрасам для карэспандэнцыі ў Кітаі.
TankerTrackers піша, што M Sophia перавезла 1,8 млн барэляў венесуэльскай нафты і змагла вырвацца з амерыканскай марской блакады Венесуэлы, пакінуўшы берагі краіны адразу пасля захопу амерыканцамі Нікаласа Мадура.