Масква і Парыж абмянялі француза Вінацье на расіяніна Касаткіна
4- 8.01.2026, 19:06
- 6,508
У ЗША расійскаму баскетбалісту пагражала да 25 гадоў пазбаўлення волі.
Расійскага баскетбаліста Данііла Касаткіна абмянялі на асуджанага ў Расіі французскага палітолага Ларана Вінацье, паведамляе ФСБ.
Касаткін быў затрыманы 21 чэрвеня 2025 года ў парыжскім аэрапорце «Шарль-дэ-Голь» па запыце ЗША, якія падазравалі яго ў датычнасці да хакерскай сеткі, што выкарыстоўвала праграмы-вымагальнікі супраць амерыканскіх кампаній і федэральных устаноў у 2020–2022 гадах.
29 кастрычніка парыжскі суд прыняў рашэнне аб экстрадыцыі Касаткіна ў ЗША па запыце амерыканскіх уладаў. У ЗША яму пагражала да 25 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў камп'ютарным махлярстве.
Касаткін гуляў у Адзінай лізе ВТБ за МБА-МАІ, двойчы станавіўся бронзавым прызёрам Кубка Расіі (2023, 2025 гады).
Вінацье восенню 2024 года быў асуджаны на тры гады нібыта за збор звестак пра ваенную дзейнасць Расіі і ўхіленне ад абавязкаў інаагента. У жніўні гэтага года француз таксама стаў фігурантам расследавання аб шпіянажы.
На прамой лініі з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным 19 снежня журналіст французскага канала TF1 Жэром Гарро паведаміў, што яго калега — Вінацье — ужо адбывае тэрмін у Расіі, а цяпер вырашаецца пытанне па новым абвінавачванні. У адказ Пуцін сказаў, што не чуў пра яго, але паабяцаў разабрацца, калі дазволіць закон. Праз некалькі дзён прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў пра кантакты Расіі і Францыі па справе Вінацье.