У Беларусі праз маркетплэйсы прадавалі агнястрэльную зброю
7- 8.01.2026, 21:45
- 8,698
У дачыненні да шасці грамадзян узбудзілі крымінальныя справы.
У Мінску спынілі незаконны гандаль агнястрэльнай зброяй праз папулярныя маркетплэйсы, паведамілі ў прэс-службе пракуратуры.
Як устаноўлена, на шэрагу анлайн-пляцовак размяшчаліся прапановы аб набыцці зброі траўматычнага дзеяння, якая згодна з заканадаўствам адносіцца да агнястрэльнай зброі. Рэалізацыя такіх вырабаў праз маркетплэйсы з'яўляецца незаконнай.
З мэтай неадкладнага спынення выяўленых парушэнняў пракуратура Мінска вынесла прадпісанні кіраўнікам маркетплэйсаў з патрабаваннем выдаліць адпаведныя аб'явы. У выніку акты пракурорскага нагляду былі выкананыя ў поўным аб'ёме: прапановы аб продажы зброі выдаленыя, а самі гандлёвыя пляцоўкі прынялі арганізацыйна-тэхнічныя меры, якія выключаюць магчымасць паўторнага размяшчэння падобных аб'яў.
Акрамя таго, пракуратура даручыла органам унутраных спраў правесці праверачныя мерапрыемствы па ўсіх выяўленых фактах. Па выніках выканання дадзенага даручэння ў дачыненні да шасці грамадзян узбуджаныя крымінальныя справы па ч. 2 арт. 295 КК. Яшчэ двое чалавек добраахвотна выдалі траўматычную зброю, якая ім належала, а ў дачыненні да чатырох асоб цяпер працягваюцца праверкі.
Усяго з незаконнага абароту вынята 12 адзінак агнястрэльнай зброі. У пракуратуры нагадалі, што незаконныя набыццё, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або ношанне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў цягнуць крымінальную адказнасць.