Расія ўдарыла «Іскандэрамі» па Крывым Рогу
8- 8.01.2026, 23:56
- 11,676
Пашкоджана 29 шматпавярховак.
Вайскоўцы краіны-агрэсара РФ увечары 8 студзеня ўдарылі балістыкай па грамадзянскай інфраструктуры Крывага Рога. Аб гэтым праінфармавалі ў пракуратуры вобласці ў Facebook.
У выніку атакі пашкоджаныя жылыя дамы, транспартныя сродкі.
Як указала ў Telegram прэм’ерка Украіны Юлія Свірыдэнка, расіяне ўдарылі двума «Іскандэрамі» па шматкватэрных дамах у Крывым Рогу. На 19.55 было вядома прынамсі пра 13 пацярпелых.
«Вораг бесперапынна атакуе горад некалькі дзён запар. Учора расіяне здзейснілі адну з найбуйнейшых атак па Крывым Рогу з пачатку поўнамаштабнага ўварвання», – напісала кіраўніца Кабміна Украіны.
На апублікаваных Свірыдэнка фота відаць пажары ў кватэрах і шматпавярхоўку, фактычна разрэзаную папалам.
Паводле слоў кіраўніка савета абароны Крывага Рога Аляксандра Вілкула, увечары адбылася камбінаваная ракетна-дронавая атака на горад.
«Два «Іскандэры-М» трапілі ў сектар жылой забудовы. На дадзены момант ужо 17 пацярпелых ад варожага абстрэлу. Сярод іх трое дзяцей і восем жанчын. У бальніцах горада знаходзяцца 15 параненых. Адзін чалавек у цяжкім стане, яшчэ адзін — украй цяжкім стане. Астатнія — у стане сярэдняй цяжкасці», – распавёў у Telegram Вілкул.
Усяго ў выніку атакі РФ пашкоджана 29 шматпавярховых дамоў, з іх з дзясятак – вельмі сур’ёзна, а адзін з дамоў фактычна разбураны.
«Таксама пашкоджаны да 10 аб’ектаў бізнесу і аўтамабілі. Акрамя жылой забудовы, паражаны аб’ект інфраструктуры. На дадзены момант ад электрычнасці адключана 115 823 абанентаў, пры тым, што паўгадзіны таму было адключана 161 тыс. – 45 177 пераключылі на іншыя лініі», – паведаміў Вілкул.
Кажучы пра забеспячэнне Крывага Рога вадой, Вілкул адзначыў, што «палавіна горада на генератарах».
«Сістэму ўтрымліваем, але ціск будзе ніжэйшы. Без электрычнасці чатыры вялікія катэльні – гэта каля 1400 дамоў», – падкрэсліў ён.